Аўторак, 16 Красавік 2024

За несанкцыянаваны ўладамі пікет суд наклаў на рабочага вялізны штраф

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Браслаўскага раёна Аляксандр Вязіцкі 28 сакавіка за не дазволены ўладамі пікету ў сацыяльнай сетцы аштрафаваў на 4000 рублёў кіроўцу пагрузчыка Мікалая Кашкуру.

У судзе стала вядома тое, што Мікалай у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» выклаў для агульнага агляду відэафайл з размешчанай на ім сімволікай бел-чырвона-белага колеру. Тым самым, на думку ўладаў, ён правёў несанкцыянаванае пікетаванне, без адпаведнага дазволу кіраўніцтва Браслаўскага райвыканкама, каб публічна выказаць свае грамадска-палітычныя погляды і асабістыя інтарэсы. У судовым паседжанні мужчына віну сваю прызнаў цалкам і дзейна раскаяўся.

Суддзя Вязіцкі ўлічыў усе абставіны справы пастанавіў на падставе ч.1ст.24.23 КаАП пакараць Кашкура штрафам у памеры 100 базавых велічыняў на суму 4000 рублёў. Мабільны тэлефон "правапарушальніка" суддзёй пакінуты пад арыштам у мэтах забеспячэння выканання накладзенага адміністрацыйнага спагнання.

Дзмітрый Ляшкоў