Панядзелак, 18 Сакавік 2024

Пастара евангельскай царквы Аляксандра Зарэцкага асудзілі за словы «Давайце маліцца за Украіну»

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Сталі вядомыя падрабязнасці абвінавачванняў, высуных супраць пастара Аляксандра Зарэцкага з Навалукомля. 5 сакавіка суддзя Чашніцкага райсуда Ала Смірнова пакарала яго арыштам на 15 сутак за «несанкцыянаванае пікетаванне». Пікетам суд палічыў пропаведзь пастара падчас аднаго з богаслужэнняў, на якой, верагодна, прысутнічалі аператыўнікі. Фразы «помолимся за тех, кто в тюрьмах по сфальсифицированным причинам»,  «давайце маліцца за Украіну» і іншыя былі расцэнены як выразы, якія «адлюстроўваюць грамадска-палітычныя інтарэсы».

Міліцыянты апыталі двух чалавек, «якія прысутнічалі на пропаведзі». Але не зразумела, ці гэта вернікі, ці пабочныя асобы – у судовай пастанове гэта не ўказана. Яны пацвердзілі, што чулі выказванні Аляксандра Зарэцкага падчас царкоўнай службы 18 лютага. Суд пастанавіў, што пропаведзь варта расцэньваць як правядзенне пікетавання баз дазволу раённых уладаў і паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП  пакараў пастара 15-цю суткамі арышту.  Тут можна прыгадаць  факты, што ў праваслаўных храмах вельмі часта гучаць святарскія заклікі маліцца за Расію і за яе перамогу ў так званай СВО, але праваслаўных святароў яшчэ не прыцягвалі да адказнасці за выражэнне грамадска-палітычныэ інтарэсаў.

Да слова, суд 5 сакавіка адбыўся над пастарам евангельскай царквы, калі ён ужо знаходзіўся за кратамі. Першы раз яго асудзілі па ч.2 арт. 19.11 яшчэ 26 лютага. Тады міліцыянты знайшлі ў ягоным тэлефоне «экстрэмісцкія» падпіскі і ўстанавілі факт таго, што Зарэцкі яшчэ ў 2021г.  накіраваў спасылку на адзін з «экстрэмісцкіх» рэсурсаў свайму знаёмаму. Падчас суду Аляксандр Зарэцкі прызнаў сваю віну, патлумачыўшы, што не ўсачыў і своечасова не выдаліў са свайго тэлефона звесткі пра інтэрнэт-рэсурсы, якія пазней былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». Пастару прысудзілі арышт на 15 сутак.

Паводле апублікаваных судовых пастановаў і звестак з адкрытых інтэрнэт-рэсурсаў, храналогія падзей вакол пастара Аляксандра Зарэцкага выглядае наступным чынам: ён быў затрыманы 22 лютага, праз некалькі дзён пасля пропаведзі, змест якой стаў непасрэднай прычынай затрымання. Пакуль ён быў за кратамі, міліцыянты вывучалі ягоны тэлефон і знайшлі там даўнія «экстэмісцкія» падпіскі і дзеянні з імі. На падставе гэтага 26 лютага пастар быў асуджаны за «распаўсюд экстрэмізму» і арыштаваны ( тэрмін арышта суд пастанавіў адлічваць з моманту фактычнага затрымання). Пакуль ен адбываў арышт, міліцыянты ўзялі паказанні ў людзей, якія прысутнічалі на пропаведзі  18 лютага. Яны пацвердзілі, што пастар ужываў выразы, якія паўтараюцца ў судовай пастанове. Зрэшты, і сам Зарэцкі не адмаўляў гэтага факта, але тлумачыў суду, што пікетавання ён не праводзіў. І што ягоныя выказванні, згаданыя ў пратаколе пра правапарушэнне, былі  вырваны з кантэксту, і ўжываліся ім для дэманстрацыі прыкладаў  падчас пропаведзі.

Зарэцкі, бацька траіх малалетніх дзяцей, трапіў пад увагу міліцыянтаў некалькі гадоў таму. Летась Зарэцкага таксама двойчы арыштоўвалі: два арышты па 15 сутак ён мусіў адбыць за «лайкі» і каментары каментары на "экстрэмісцкіх рэсурсах" ( ч. 2 арт.19.11 КаАП). Цяпер ён зноў вымушаны правесці 30 сутак за кратамі.

Таксама супраць пастара Царквы Хрысціян Веры Евангельскай  была заведзена адміністрацыйная справа за недакладнасці ў афармленні гуманітарнай дапамогі. У пачатку 2022г. Евангельская царква ў Навалукомлі атрымала ад Дэпартаменту па гуманітарнай дзейнасці адмову наконт рэгістрацыі гуманітарнай дапамогі на суму 25625 шведскіх крон, атрыманай ад дабрачыннай арганізацыі «Осс-Хельпен» (Швецыя). Інвалідныя вазкі, адзенне, абутак, мэблю, посуд для асобаў, якія маюць у гэтым патрэбу, дэпартамент запатрабаваў адправіць  у зваротным кірунку за кошт царквы.

Лявон Каляда