Панядзелак, 26 Люты 2024

Улады спагналі з палітвязня маральную шкоду на карысць работніка міліцыі ў памеры 2500 рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Наваполацка Сняжана Калінічэнка 19 студзеня разгледзела пазоў аб пакрыцці маральнай шкоды, якую нібыта прычыніла палітзняволеная палачанка Кацярына Леў намначальніку ГУУС Мінгарвыканкама палкоўніку міліцыі Ігару Падвойскаму. Вынікам разгляду іску стала рашэнне суддзі спагнаць з жанчыны на карысць міліцыянера маральнай шкоды на суму 2,5 тыс. рублёў. Разгляд грамадзянскай справы адбыўся з дапамогай дыстанцыйнай сувязі з выкарыстаннем праграмы Skype у зале суда Наваполацка.

Згодна з матэрыяламі былой крымінальнай справы, у лютым 2022 года Кацярына размясціла ў сацыяльнай сетцы каментар, які «абразіў і прынізіў гонар і годнасць» Падвойскага, і нібыта быў накіраваны на падрыў аўтарытэту прадстаўніка улады.

Падставай для крымінальнага пераследу стаў факт апублікавання ў тэлеграм-канале "КіберСлівы" роліка тэлефоннай размовы ў верасні 2020 года Падвойскага з іншымі пацярпелымі па “крыміналцы”. З размовы "сілавікоў" відавочна вынікала тое, што супрацоўнікі міліцыі загадвалі  суддзям, якія пакаранні выносіць удзельнікам мірных пратэстаў. Пад публікацыяй пакінулі водгукі больш за два дзясяткі чалавек, сярод якіх апынулася і Леў.

Затрымалі Кацярыну праз год, у лютым 2023 года і асудзілі на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 3700 рублёў. Цяпер яна адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі №4.

У іску палкоўнік Падвойскі паведаміў суду аб тым, што злачынства Леў прычыніла яму маральную шкоду, якая выявілася ў маральных перажываннях, звязаных са знявагай яго як асобы і службовай асобы, якая ацэньвае ў памеры 2 500 рублёў. Таму ісцец просіць суд спагнаць з Леў на яго карысць грашовую кампенсацыю маральнай шкоды і пералічыць іх на разліковы рахунак школы. Пры гэтым ніякіх доказаў аб сваіх пакутах і знявагах суду не прадставіў.

Трэба адзначыць пра тое, што судовае паседжанне прайшло без удзелу міліцыянт, бо ён пісьмова хадайнічаў аб разглядзе справы ў яго адсутнасць, іскавыя патрабаванні падтрымлівае ў поўным аб'ёме.

Палітзняволеная Леў, як адказчык, у судовым паседжанні пазоў не прызнала, з матывамі пазову не была згодная. Яна патлумачыла суду што яна ўжо атрымала максімальнае пакаранне за здзейсненае ёю дзеянне і адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, прызначаны па прысудзе суда штраф цалкам выплаціла.

Асуджаная заявіла аб тым, што ў поўнай меры загладзіла сваю віну перад пацярпелым. Не згодная з памерам маральнай шкоды, і лічыць яе не адпаведным цяжару здзейсненага ёю злачынства. Прасіла суд, з улікам яе матэрыяльнага становішча, знізіць памер кампенсацыі маральнай шкоды да 500 рублёў.

Заслухаўшы тлумачэнні адказчыка, даследаваўшы пісьмовыя доказы, суддзя Калінічэнка пастанавіла спагнаць з Леў на карысць Падвойскага грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры дзве тысячы пяцьсот рублёў, а таксама ў даход дзяржавы пошліну ў памеры 111 рублёў.

Вольга Пратасевіч