Панядзелак, 27 Лістапад 2023

На Пастаўшчыне па “народным” артыкуле з пачатку года пакаралі ўжо 23 чалавек

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Такія звесткі мясцовай раёнцы "Пастаўскі край" назваў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Пастаўскага РАУС Павел Нагановіч.

Паводле міліцыянта, з пачатку 2023 года па артыкуле 19.11 КаАП Беларусі (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць) да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя 23 жыхары Пастаўшчыны. 22 з іх размяшчалі ў сацыяльных сетках так званыя экстрэмісцкія матэрыялы, а адзін, як кажа Нагановіч, захоўваў дома лістоўкі з мэтай далейшага распаўсюду.

“Кагосьці пакаралі штрафам ад 10 да 30 базавых велічынь, хтосьці атрымаў адміністрацыйны арышт на тэрмін да 15 сутак. У шмат каго акрамя гэтага канфіскавалі мабільныя тэлефоны і ноўтбукі”, - кажа міліцыянт.

Таксама начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Пастаўскага РАУС Павел Нагановіч раіць пастаўчанам уважліва прагледзіць свае старонкі ў інтэрнэце пачынаючы з 2020 года – што і адкуль на іх размяшчалі, адкуль рабілі рэпосты – і выдаліць усё, што выклікае падазрэнне. Ён раіць жыхарам Пастаўшчыны, калі яны не ведаюць, якія рэсурсы, групы і супольнасці з’яўляюцца "экстрэмісцкімі", зайсці на сайт Міністэрства інфармацыі і ўдакладніць інфармацыю.

А там, канешне, велізарны спіс так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў, што простаму чалавеку разабрацца будзе складана. Тут хутчэй трэба разбірацца так - усе праўладныя і прапагандысцкія рэсурсы не надзеленыя такім званнем, а вось астатнія - экстрэмісты.

Нагановіч кажа, што міліцыянты ды іншыя структуры падчас розных праверак і маніторынгаў сацыяльных сетак і да гэтай пары часта выяўляюць на старонках людзей рэпосты матэрыялаў, якія ўлады Беларусі прызналі экстрэмісцкімі. Ён звяртае ўвагу на тое, што нават сацыяльныя старонкі асобных грамадзян прызнаюцца “экстрэмісцкімі”, і нічога нельга лайкаць або рэпосціць з іх. І прыводзіць прыклад таго, што старонка жыхаркі пасёлка Варапаева Пастаўскага раёна Ганны Федаронак Пастаўскім судом прызнаная таксама “экстрэмісцкай”.

Але, канешне, міліцыянт не кажа пра тое, што ў нашай краіне ўсё перавернута, як кажуць, “дагары нагамі”, што праўдзівая і аб’ектыўная інфармацыя называецца экстрэмісцкай, а прапаганда лічыцца правільнай інфармацыяй. Што дабро называецца злом, а зло – дабром, што за заклікі “Не вайне!” у нашай краіне людзей саджаюць у турмы. Можна працягваць бясконца.

Беларусь цяпер уяўляе сабой краіну сюррэалізму, у якой простым людзям даводзіцца прыстасоўвацца да яго, каб выжыць.

Сяргей Пушылкін