Паводле рашэння суду, Іван Шаўчэнка прызнаны вінаватым паводле ч.2 арт. 19.11 за тое, што распаўсюдзіў праз свой акаўнт у Telegram інфармацыйную прадукцыю, прызнаную «экстрэмісцкай».
Паводле матэрыялаў адміністрацыйнай справы, падсудны падчас знаходжання на плошчы 17 верасня ў Глыбокім распаўсюдзіў 5 спасылак на розныя «экстрэмісцкія» інтэрнэт- рэсурсы. Іван Шаўчэнка хадайнічаў, каб справу разбіралі без ягонай прысутнасці. Суд пагадзіўся і «выпісаў» віцябляніну вялікі штраф з канфіскацыяй тэлефона.
Праверкі тэлефонаў на беларуска-расейскім памежжы сталі апошнім часам звыклай з“явай. Да прыкладу, у чэрвені гэтага году там былі затрыманыя «за распаўсюд экстрэмізму» не менш 13-ці чалавек. Толькі ў Лёзне па ч.2 арт. 19.11 былі асуджаныя 7 чалавек: чацвярым прысудзілі «суткі», астатнім – штрафы. Дакладна такое самае пакаранне – штраф памерам 30 базавых велічынь з канфіскацыяй тэлефона – суддзя Аляксей Лапушынскі прысудзіў 19 чэрвеня работніку ААТ «Нафтан» Мікіту Белавусаву. Падзеі развіваліся па падобным сцэнары: на памежным пункце пропуску, размешчаным на 42-м км аўтадарогі Р-21 "Віцебск-Лёзна-Мяжа Расейскай Федэрацыі" памежнікі прагледзелі тэлефон і паведамілі ў Лёзненскі РАУС пра наяўнасць «экстрэмісцкіх» падпісак. Там склалі пратакол.
Уладзь Мярэжка