У судзе былі агучаныя доказы таго, што Зуброва нібыта на сваёй персанальнай старонцы ў сетцы «Facebook» мела спасылку на канал «Радыё Свабода». Там жа прысутнічала выява паходні аранжавага колеру, якая ўключана ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Таксама па версіі суда Алена правяла без дазволу Наваполацкага гарвыканкама пікет у «Facebook», які складаўся ў тым, што яна змясціла ў сацыяльнай сетцы сваю фатаграфію на фоне сіне-жоўтага сцяга Украіны.
«Правапарушальніца» ў судовым паседжанні віну не прызнала, але не адмаўляла таго, што мае ў сацыяльнай сетцы «Facebook» сваю старонку, якую карыстала для зносін і абмену фатаграфіямі.
Аднак, суддзя Калінічэнка вырашыла, што ў дзеяннях Зубровай змяшчаецца склад адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных ч.2 арт.19.11, ч.1 арт.24.23 КаАП.
На падставе гэтага суддзя за распаўсюд «экстрэмізму» пакарала прадпрымальніцу арыштам на тэрмін 15 сутак, а за пікетаванне - на 10 сутак.
У выніковай пастанове шляхам,частковага складання, суддзя канчаткова вызначыла для Зубровай спагнанне ў выглядзе арышту тэрмінам на 20 сутак.
Генадзь Конеў