Пятніца, 10 Красавік 2015

Праваабаронцы занепакоеныя суворым прысудам Сяргею Рыжову

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Маніторынг судовага працэсу паводле абвінавачаньня Сяргея Рыжова ў зьдзяйсьненьні злачынства, адказнасьць за якое вызначаная часткай першай артыкулу 167 i часткай першай артыкулу 339 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь (25 сакавіка – 3 красавіка 2015 году, г. Віцебск)

 

У першую чаргу маніторынг быў накіраваны на публічную стадыю крымінальнай вытворчасьці, але таксама ўключаў аналіз выкананьня правоў абвінавачанага на свабоду і на асабістую недатыкальнасьць, не падвяргацца катаваньням і жорсткаму, бесчалавечнаму абыходжаньню, на прэзумпцыю невінаватасьці, на абарону, на кампэтэнтны, незалежны і бесстароньні суд, гарантаваныя міжнароднымі забавязаньнямі краіны.

Маніторынг ажыцьцяўляўся сіламі мясцовых праваабаронцаў.

Права на слуханьне справы ў адкрытым паседжаньні

Кантроль грамадзтва над судовай сыстэмай і ёсьць той імпэратыў, які стаіць за правам на слуханьне спраў у адкрытым паседжаньні. Менавіта празрыстасьць суду, зьвязаная з магчымасьцю назіраць за ходам судовага працэсу, спрыяе ўмацаваньню грамадзкага даверу. У адпаведнасьці з асноўнымі міжнароднымі дакумэнтамі, гэтае права ўключае і права на адкрытае абвяшчэньне рашэньня суду.

Права на слуханьне справы ў адкрытым паседжаньні паўсюдна адносіцца да асноўных правоў чалавека і замацаванае ў якасьці такога права ў Сусьветнай дэклярацыі правоў чалавека і ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правох. Гэтае права патрабуе, каб «разьбіральніцтва было адкрытым для шырокай публікі, уключаючы прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, і не павінна, напрыклад, абмяжоўвацца пэўнай катэгорыяй асоб».

Журналісты і публіка могуць не дапускацца на ўсё судовае разьбіральніцтва зь меркаваньняў маралі, грамадзкага парадку або дзяржаўнай бясьпекі ў дэмакратычным грамадзтве або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцьця бакоў, або – у той меры, у якой гэта, на думку суду, строга неабходна, – пры асаблівых абставінах, калі публічнасьць парушала б інтарэсы правасудзьдзя.

У фае суду была разьмешчаная інфармацыя пра тое, што гэтая справа будзе слухацца ў закрытым судовым паседжаньні. Пра гэта абвясьціў і старшыня судзьдзя Прэйс А.У. Толькі абвясьціў, пастанову наконт матываў прыняцьця рашэньня праводзіць закрытае судовае паседжаньне не абвясьціў. Хадайніцтва абвінавачанага пра слуханьне справы адкрыта і публічна разглядаць адмовіўся.

Стаўленьне да сваякоў Сяргея Рыжова, праваабаронцаў, журналістаў з боку органаў правапарадку, якія ажыцьцяўляюць дастаўку ў суд і ахову абвінавачанага, было непаважлівым.

Права на свабоду і на асабістую недатыкальнасьць

Інфармацыя, атрыманая падчас маніторынгу судовага працэсу, дае падставы для выказваньня заклапочанасьці ў сувязі з правамі на свабоду і недатыкальнасьць асобы, якая знаходзіцца пад вартай, Сяргея Рыжова. Працягласьць утрыманьня пад вартай на гэтым дасудовым этапе складала крыху больш за два месяцы, што адпавядае міжнародным стандартам у адносінах права на судовае разьбіральніцтва на працягу разумнага пэрыяду часу. Разам з тым, паўсталі сур'ёзныя пытаньні ў дачыненьні да падстаў для ўтрыманьня Сяргея Рыжова пад вартай, а таксама абыходжаньне зь ім падчас знаходжаньня пад вартай.

Усякае заключэньне пад варту зьяўляецца замахам на адно з асноўных правоў чалавека: права на свабоду і асабістую недатыкальнасьць. Дзяржаве варта строга абараняць асабістую недатыкальнасьць грамадзян, а любое абмежаваньне асабістай недатыкальнасьці таго ці іншага чалавека дапушчальнае толькі ў якасьці выключнай, аб'ектыўна абгрунтаванай і як мага больш кароткачасовай меры.

Толькі падазрэньне, што Сяргей Рыжоў зьдзейсьніў крымінальнае злачынства, не зьяўлялася дастатковай падставай для ўтрыманьня яго пад вартай на працягу ўсяго пэрыяду сьледзтва і ў пэрыяд падрыхтоўкі да судовага разбору. Ён, безумоўна, мог быць заключаны пад варту, калі б уяўляў відавочную і сур'ёзную пагрозу для грамадзтва, прадухіліць якую любым іншым спосабам немагчыма. Аднак такіх фактаў дадзена не было.

На знак незаконнага ўтрыманьня пад вартай Сяргей Рыжоў трымаў працяглую галадоўку пратэсту. Такія абставіны ўяўлялі рэальную пагрозу жыцьцю абвінавачванага. Падчас судовага слуханьня да Сяргея Рыжова выклікалася брыгада хуткай неадкладнай мэдычнай дапамогі.

Пастанова пра ўжываньне меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня Сяргея Рыжова пад варту прынятая службовымі асобамі, якім не належыць права ажыцьцяўляць судовую ўладу.

Звароты да суду з хадайніцтвамі аб зьмякчэньні прымененай да абвінавачанага меры стрыманьня заставаліся без задавальненьня з прычыны пярэчаньняў з боку дзяржаўнага абвінавачваньня.

Асновай для ўтрыманьня Сяргея Рыжова пад вартай паслужыла выключна ступень цяжару абвінавачаньня, а не індывідуальная ацэнка абвінавачанага ў сьвятле дапушчальных падстаў для прымяненьня папярэдняга зьняволеньня.

Такія рашэньні супярэчаць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека.

Права не падвяргацца катаваньням і жорсткаму, бесчалавечнаму абыходжаньню

У першы дзень судовага разбору суд адмовіўся абвясьціць перапынак на абед і скончыў слуханьні па справе каля 20:00 гадзін, тым самым пазбавіўшы абвінавачанага абедзеннага і вечаровага прыёму ежы.

У другі дзень судовага слуханьня Сяргею Рыжову судом было адмоўлена ў прыёме пітной вады, пасьля чаго абвінавачанаму была выкліканая брыгада хуткай неадкладнай мэдычнай дапамогі.

Такія дзеі ёсьць ня што іншае, як жорсткае, бесчалавечнае абыходжаньне з падсудным.

Права на прэзумпцыю невінаватасьці

Права абвінавачанага на прэзумпцыю невінаватасьці да той пары, пакуль яго віна не даказаная, займае важкае месца ў ліку асноўных правоў на справядлівае судовае разьбіральніцтва. Яно прадугледжвае, што ўсе асобы, зьвязаныя з вынясеньнем судовага рашэньня, а таксама асобы, якія займаюць уплывовыя пасады, павінны абыходзіцца з абвінавачаным ня проста нэўтральна, а з пазыцыі, якая прадугледжвае яго невінаватасьць.

Міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека загадваюць, што ў звычайных абставінах абвінавачаных нельга трымаць падчас судовага працэсу ў кайданках ці ў клетках, або прадстаўляць іх суду ў такім выглядзе, быццам яны зьяўляюцца небясьпечнымі злачынцамі. Неабходна імкнуцца забясьпечваць, каб прымаемыя меры бясьпекі ўлічвалі прынцып прэзумпцыі невінаватасьці.

Падчас маніторынгу судовага працэсу ў праваабаронцаў паўсталі сур'ёзныя асьцярогі адносна захаваньня права на прэзумпцыю невінаватасьці і сумневы ў тым, што да абвінавачанага сапраўды ставіліся як да невінаватага да таго часу, пакуль віна не даказаная ў судзе. На карысьць такой высновы сьведчыць стаўленьне выканаўчай і судовай галін улады да гэтага судовага працэсу, а таксама абыходжаньне з абвінавачаным падчас перапынкаў у судовым працэсе. Сяргей Рыжоў у залю судовага паседжаньня дастаўляўся ў кайданках, падчас судовых слуханьняў знаходзіўся ў клетцы.

Права на абарону

Што тычыцца права на абарону, то, паводле назіраньняў праваабаронцаў, падчас гэтага судовага працэсу права на абарону самастойна або з дапамогай адваката на ўласны выбар рэалізоўвалася ў тым сэнсе, што абвінавачанага ў судзе прадстаўляў адвакат, наняты прыватным чынам. Тым ня менш адвакат і абвінавачаны ў залі суду знаходзіліся на значнай адлегласьці адзін ад аднаго, што не дазваляла належна выбудаваць абарону. У клетцы, у якой утрымліваўся абвінавачваны, адсутнічалі ўмовы (стол) для фіксацыі ходу судовага сьледзтва, што таксама парушае права на абарону.

Права на кампэтэнтны, незалежны і бесстароньні суд

Незалежнасьць і бесстароннасьць суду – гэта два з самых фундамэнтальных складнікаў справядлівага суду.

Праваабаронцы выявілі шэраг праблемных пытаньняў, зьвязаных з рэалізацыяй права на кампэтэнтны, незалежны і бесстароньні суд.

Праваабаронцамі было адзначана, што падчас кароткатэрміновых перапынкаў у судовым паседжаньні судзьдзя Прэйс А.У. і прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачваньня наведвалі габінэт старшыні суду Андрушэнкі А.А.

Праявы залішне цесных стасункаў паміж прадстаўніком дзяржаўнага абвінавачваньня і судзьдзём, а таксама статыстыка ў дачыненьні да хадайніцтваў і вынесены прысуд служаць пацьвярджэньнем падазрэньняў пра небесстароннасьць суду.

Паводзіны судзьдзі ў працэсе можна было вытлумачыць, як праяву абвінаваўчага ўхілу. Хадайніцтвы абвінавачанага і яго адваката адхіляліся.

Маніторынг прымусіў сумнявацца ў бесстароннасьці суду, які разглядаў гэтую крымінальную справу.

Інфармацыя, атрыманая падчас маніторынгу судовага працэсу, дае падставы для выказваньня заклапочанасьці ў сувязі з парушэньнем пералічаных правоў абвінавачанага Сяргея Рыжова.

Аўтар маніторынгу: Павал Левінаў, прадстаўнік БХК у Віцебску і Віцебскай вобласьці.

Крыніца: Свабодны рэгіён