Панядзелак, 13 Красавік 2015

Леаніда Аўтухова асудзілі без адваката, не задаволіўшы ніводнага хадайніцтва

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Падставай для адміністрацыйнай справы, якую разглядаў Гарадоцкі райсуд, стаў запіс у кнізе скаргаў, зроблены сябрам партыі БНФ Леанідам Аўтуховым. Ён параўнаў начальніка раённай управы па працы, занятасьці і сацыяльным забесьпячэньні Пятра Прасолава з «тэрарыстам у Луганску і Данецку». Суд прызначыў пакараньне – 30 базавых штрафу.

 

Судзіць Леаніда Аўтухова пачалі яшчэ 30 сакавіка. 9 красавіка судзьдзя Аляксандра Носава вынесла пастанову пра штраф. За гэты час у Гарадоцкім РАУС пасьпелі памяняць абвінавачаньне супраць актывіста.

Запіс, які стаў падставай для судовага разбору, зьявіўся пасьля таго, як Аўтухова зьнялі з уліку па беспрацоўі ў цэнтры занятасьці. Актывіст перакананы, што гэта было незаконна. І зрабіў запіс у кнізе скаргаў, хочучы падкрэсьліць, што начальнік раённай управы па працы, занятасьці і сацыяльным забесьпячэньні спадар Прасолаў падтрымлівае несправядлівае рашэньне. Аднак чыноўнік убачыў у словах пра «тэрарыста ў Луганску і Данецку» абразу, распавёў Леанід Аўтухоў:

«Я хацеў, каб на запіс у кнізе скаргаў зьвярнула ўвагу начальства Пятра Прасолава. А ён напісаў заяву ў міліцыю. На мяне склалі пратакол паводле адміністрацыйнага артыкулу 9.3 – за «абразу, сьвядомае прыніжэньне гонару і годнасьці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме». 30 сакавіка распачаўся суд, і ў першы ж дзень судзьдзя Аляксандра Носава абвясьціла перапынак больш як на тыдзень. Не паведаміўшы пра гэта падчас працэсу, яна пастанавіла адправіць пратакол на дапрацоўку ў райаддзел міліцыі. Я даведаўся пра гэта выпадкова, калі прыйшоў у суд больш падрабязна вывучыць матэрыялы справы. А іх там ужо не было».

Судзьдзя сказала спадару Аўтухову зайсьці да яе па абедзе 3 красавіка. Маўляў, матэрыялы справы ўжо будуць у яе. Аднак тут жа ў суд зьявіліся міліцыянты і заявілі, што склалі на актывіста новы пратакол – ужо паводле іншага артыкулу – 23.5 КаАП за «абразу службовай асобы пры выкананьні службовых паўнамоцтваў асобай, не падначаленай па службе».

Пра лёс першага пратаколу і першай сваёй справы Леаніду Аўтухову засталося толькі здагадвацца – у пачатку судовага паседжаньня 8 красавіка судзьдзя сказала, што ранейшай справы няма, і што яна разьбірае ўжо новую.

«У маім запісе не было ніводнага нецэнзурнага слова, аднак міліцыянты сьпярша склалі пратакол менавіта з такім абвінавачаньнем. Судзьдзя адправіла дакумэнты «на дапрацоўку». Аднак ніхто нічога дапрацоўваць не стаў. У міліцыі проста склалі іншы пратакол», – працягвае Леанід Аўтухоў.

Падчас судовага працэсу ён хадайнічаў, каб у якасьці сьведак выклікалі капітана міліцыі Собалева, які склаў новы пратакол, нават ня ўзяўшы тлумачэньняў. Аднак судзьдзя не задаволіла ні гэтае хадайніцтва, ні яшчэ 4 хадайніцтвы, зь якімі зьвяртаўся Аўтухоў. Істотна, што адно зь іх тычылася ўдзелу ў працэсе адваката. Таму актывіст лічыць, што суд незаконна пазбавіў яго права на абарону:

“8 красавіка, калі суд распачаўся ўжо паводле новага пратаколу, я ўсё ж вырашыў зьвярнуцца па дапамогу адваката. Заявіў пра гэта на судзе, і судзьдзя Аляксандра Носава абвясьціла перапынак на адны суткі. Пошукі адваката я пачаў у Віцебску, але ў адвакацкай канторы вольных адвакатаў не было. Вярнуўся ў Гарадок, знайшоў адваката, але гэтая спадарыня была вольная 9 красавіка толькі з 16 гадзін. Яна пагадзілася мяне бараніць, але зранку на працы яе не было, і дамову заключыць я ня змог. Суд распачаўся а 14-й, я папрасіў дадатковы перапынак, каб да 16 прыйсьці да адваката па дамову. Але судзьдзя сказала, што чакаць ня будзе. Перад тым яна спытала меркаваньне на гэты конт у Пятра Прасолава, і той сказаў: Ня трэба цягнуць ката за хвост».

Леанід Аўтухоў упэўнены, што яго судзілі з парушэньнямі заканадаўства і ягоных правоў. А яшчэ ў тым, што ягоныя правы былі парушаны і падчас зьняцьця з уліку па беспрацоўі, і яшчэ раней – калі ў 2008 годзе яго скарацілі перад выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, куды ён балятаваўся. З тае пары ён меў больш за 40 спробаў уладкавацца на працу, але гэта яму так і не ўдалося, у тым ліку з дапамогай рэгіянальнага цэнтру занятасьці.

spring96.org