Мужчыну судзілі 25 ліпеня па частцы 2 артыкула. 19.11 КаАП РБ (Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць).
Маніторылі старонкі Уладзіміра Бакурына ў сацыяльных сетках мясцовыя міліцыянты з Чашніцкага РАУС.
На судзе мужчына тлумачыў, што быў падпісаныя на прызнаныя цяпер уладамі групы экстрэмісцкімі яшчэ задоўга да іх прызнання такімі. Пры гэтым ён зазначыў, што згубіў паролі да сваёй старонкі ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” і ўжо больш за паўтары гады ёй не карыстаўся.
Довады мужчыны, што ён не ведаў пра тое, што гэтыя групы былі ўнесеныя ў спісы экстрэмісцкіх матэрыялаў, суд не прыняў да ўвагі. Чашніцкі суд тлумачыў гэта тым, што так званы спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў знаходзіцца ў свабодным доступе і кожны ахвотны можа з ім азнаёміцца. Яшчэ суддзя Смірнова звярнула ўвагу на тое, што мужчына не выдаліў гэтыя падпіскі ці ўвогуле старонку, таму вінаваты.
Яна палічыла яго дзеянні адміністрацыйным правапарушэннем, якое адносіцца да катэгорыі грубых адміністрацыйных правапарушэнняў і накіравана на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай абстаноўкі ў грамадстве і дзяржаве.
Чашніцкі суд арыштаваў Уладзіміра Бакурына на 15 сутак і канфіскаваў прадмет адміністрацыйнага правапарушэння. Гэтым, як напісана ў пастанове Чашніцкага суда, будуць дасягнутыя мэты адміністрацыйнай адказнасці, якія выяўляюцца ў выхаванні фізічнай асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне, а таксама папярэджанні здзяйснення новых правапарушэнняў як самой фізічнай асобай, якая ўчыніла такое правапарушэнне, так і іншымі фізічнымі асобамі.
Вось так, на першы погляд, бяскрыўднымі падпіскамі ці лайкамі тых матэрыялаў, якія ўлады зрабілі экстрэмісцкімі, людзі нават не ўяўляюць, што могуць дэстабілізаваць грамадска-палітычную абстаноўку ў грамадстве і дзяржаве. А ўлады ў сваю чаргу лічаць падобныя суды выхаваўчым працэсам і запужваннем такім чынам іншых жыхароў Беларусі.
Эдуард Татарскі