На Валянціну Болбат 29 красавіка верхнядзвінскімі міліцыянтамі было складзена некалькі пратаколаў па артыкуле 19.11 КаАП (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуючай такую дзейнасць) і часты 3 артыкула 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Тады Верхнядзвінскі суд прысудзіў ёй 30 сутак арышту, міліцыянты адразу ў залі суда ўзялі яе пад варту. Але з жанчынай зноў здарыўся гіпертанічны крыз і яе адвезлі ў лякарню, дзе яна лячылася два тыдні.
Валянціна разам са сваім адвакатам аспрэчыла гэтую пастанову суда ў Віцебскім абласным судзе. 22 траўня суддзя абласнога суда Святлана Іванова адмяніла рашэнне суда Верхнядзвінскага раёна.
Але на гэтым усё не скончылася, справу Валянціны перадалі ў Наваполацкі суд, у якім і будзе вынесены новы прысуд Валянціне Болбат.
Для тых, хто захоча падтрымаць грамадскую актывістку, паведамляем што суд адбудзецца ў Полацку 19 чэрвеня ў 10.30 па адрасе: Полацк, вуліца Успенская, д. 2.
Юлія Раманава