24 студзеня суд Верхнядзвінскага раёна аштарафаў яго на 20 базавых велічыняў (740 беларускіх рублёў) з канфіскацыяй мабільнага тэлефона. Падставай стала тое, што міліцыянты знайшлі ў яго сацыяльнай сетцы “Фэйсбук” інфармацыю, якая ўключаная ў спіс так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў. Так як сталы чалавек доступ да матэрыялаў не абмежаваў, улады палічылі гэта распаўсюджваннем і прыцягнулі яго да аказнасці па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП.
Падчас суда Антон Бубала прызнаў сваю віну часткова, але ўсё адно яму прысудзілі штраф, які ён ужо выплаціў.
Антон Бубала – вядомы грамадскі актывіст з Верхнядзвіншчыны, які заўсёды ўсіх зараджаў сваім пазітывам, ён складае цудоўныя жартаўлівыя вершы, байкі і цікавіцца гісторыяй роднага краю. Але апошнія падзеі з ім і яго знаёмымі, якія таксама зведалі рэпрэсіі, давялі пазітыўнага чалавека амаль да дэпрэсіі. Пра гэта ён таксама напісаў у сваім “Фэйсбуку”.
Як пісалі пра яго яшчэ два гады таму праўладныя СМІ, Антон Бубала - ганаровы грамадзянін Верхнядзвінскага раёна, паэт, грамадскі дзеяч, актыўны турыст, стваральнік Верхнядзвінскага гісторыка-краязнаўчага музея, старшы навуковы супрацоўнік, чалавек незвычайнага таленту і розуму.
Але, калі ў краіне не да законаў, а людзі выказваюць сваю аб’ектыўную пазіцыю, то ўлады забываюцца на ўсе папярэднія іх заслугі. Нягледзячы на гэта, сумленным людзям будуць удзячныя заўжды такія ж моцныя па духу людзі.
Нагадаем, на Віцебшчыне, як і па ўсёй Беларусі, працягваецца ціск на грамадскіх актывістаў. Іх судзяць, даюць вялікія штрафы, звальняюць з працы, садзяць у турмы, пераследуюць іх родных.
Інга Сташэўская