Жонка прафсаюзнага актывіста прабыла пад вартай 72 гадзіны, а сёння суддзя суду Полацку і Полацкага раёну Яніна Марцулевіч прызнала Святлану Стукаву вінаватай паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП і асудзіла жанчыну да 15 сутак арышту. Падставай для абвінавачання стала наяўнасць падпіскі на старонку BySol у Фэйсбуку. Віктар Стукаў, які быў грамадскім прадстаўніком сваёй жонкі падчас судовага працэсу, спрабаваў давесці, што да распаўсюду наяўнасць падпіскі не мае дачынення, і што жонка ніколі не звязвалася з BySol. Аднак суддзя палічыла, што падпіска захоўвалася ў мэтах распаўсюду звестак пра арганізацыю, прызнаную экстрэмісцкай.
Пратакол, складзены за парушэнне арт. 24.23 КаАП за размяшчэнне ў Фэйсбуку фотаздымка, на якім міліцыянты нібыта разгледзелі бел-чырвона-белую сімволіку, у суд прадстаўлены не быў. Існуе верагоднасць, што гэтую справу перададуць у суд пазней – калі будзе падыходзіць да канца тэрмін арышту Святланы Стукавай.
Менавіта так было зроблена ў дачыненні да Віктара Стукава, калі 12 верасня мінулага году яго затрымалі на полацкім вакзале, проста ў цягніку «Полацк-Масква». Спачатку яго накіравалі адбываць арышт, прысуджаны яшчэ ў 2021-м годзе паводле арт. 19. 11 КаАП за рэпост матэрыялаў з інфармацыйнага рэсурсу, пазней прызнанага экстрэмісцкім. Калі Стукаў ужо быў за кратамі ў ІЧУ, яго асудзілі яшчэ раз – ужо за несанкцыянаванае пікетаванне паводле арт. 24.23 КаАП. Бо ў ягоным тэлефоне супрацоўнікі міліцыі знайшлі здымкі з паслявыбарчых пратэстаў 2020 г.
Для Віктара Стукава гэта было ўжо далёка не першае затрыманне, і не першы арышт. Ён мяркуе, што інтарэс сілавікоў да старонак у сацыяльных сетках ягонай жонкі справакаваны «неабыякавасцю» да ягонай асобы. Найперш таму, што прадстаўнікі СПБ аказваюць прававую дапамогу грамадзянам, і цяпер землякоў стала не так проста запалохаць ці абысціся з імі незаконным чынам.
Міхась Хмара