Справу чацвярых віцяблянаў разбірае суддзя Віцебскага раённага суду Міхаіл Зубеня. Паводле Следчага камітэту, у чэрвені 2021 года «кампанія з мужчын і жанчын ва ўзросце ад 27 да 34 гадоў, абʼяднаных агульнай ідэяй падтрымання дэструктыўных заклікаў у інтэрнэце і сацыяльных сетках», зрабілі відэазапісы шэрагу перфомансаў. Прыкладам, разбілі бейсбольнай бітай кінескоп тэлевізара з наклееным фотаздымкам журналіста Грыгорыя Азаронка, спалілі некалькі друкаваных дзяржаўных выданняў, інсцэніравалі на могілках памінкі па Аляксандру Лукашэнку. Акрамя таго, яны «дэманстравалі плакаты з назвамі дэструктыўных Telegram-каналаў і інтэрнэт-рэсурсаў, а таксама БЧБ-сімволіку», паведамляе Следчы Камітэт.
Паводле следчых, 34-гадовая Юлія Лабунова брала ўдзел у спаленні дзяржаўных СМІ разам разам з 27-гадовай Кацярынай Макарэвіч. Апошняя, як высветлілася ўжо падчас расследавання гэтай крымінальнай справы, 6-га верасня 2020 году была заўважана ў пратэстным шэсці, дзе « не падпарадкоўвалася законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, груба парушала грамадскі парадак, выкрыквала лозунгі, пляскала ў далоні, выкарыстоўвала бел-чырвона-белую сімволіку».
27-гадовую Ірыну Пярцову і 29-гадовага Арцёма Латышава вінавацяць у тым, што ўночы з 29 на 30 жніўня 2021 года, яны « па матывах палітычнай і сацыяльнай варажнечы, з выключным цынізмам» на могілках размясцілі партрэт Аляксандра Лукашэнкі ды інсцэніравалі памінкі па ім, зафіксаваўшы гэта на відэа. А потым размясцілі відэаролік у інтэрнэце, дадаўшы надпісы «Са святам, з днём смерці!», «3%», «АМОН» і выяву прусака. Апроч гэтага, Арцёма Латышава (разам з Макарэвіч і Лабуновай) вінавацяць у памкненні «дэстабілізаваць грамадскую сітуацыю ў Беларусі і пасеяць варажнечу ў дачыненні да прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ» – за ўдзел у відэароліку, дзе «прадметам, падобным да бейсбольнай біты» разбіваюць тэлевізар з наклееным на кінескоп партрэтам скандальна вядомага журналіста Азаронка, а таксама спальваюць нумары газеты «СБ. Беларусь сегодня».
У першы дзень судовага працэсу выступіў пацярпелы Андрэй Пыльскі. Ён паведаміў, што на Арэхаўскіх могілках пахаваная ягоная бабуля, але там ён бывае рэдка. Таму толькі ад следчых ён даведаўся, што менавіта ў гэтым месцы абвінавачаныя праводзілі перформанс. Ніякіх пашкоджанняў на месцы пахавання ён не заўважыў, але яму было прыкра ад таго, што чужыя людзі блюзнераць каля магілы блізкага чалавека.
Дарэчы, па версіі следства, дачыненне да крымінальнай справы, якая цяпер разбіраецца ў судзе Віцебскага раёну, маюць яшчэ чацвёра віцяблянаў – Марына Праслава, Павел Сакалоў, Канстанцін Бадэ і Святлана Гуркоўская. Яны знаходзяцца дома пад падпіскай аб нявыездзе або пакінулі тэрыторыю краіны.
Сцяпан Міхноў
Панядзелак, 25 Красавік 2022
У Віцебску распачаўся суд за «экстрэмісцкія» перфомансы і відэаролікі
У судзе Віцебскага раёну 25 красавіка распачаўся разбор крымінальнай справы, ініцыяванай супраць чатырох жыхароў Віцебску – Ірыны Пярцовай, Арцёма Латышава, Кацярыны Макарэвіч і Юліі Лабуновай. Іх абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч.2 арт. 339 (злоснае хуліганства), ч.1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 341 (псаванне маёмасці ў іншых грамадскіх месцах пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства). Усе чацвёра віцяблянаў былі затрыманыя ў верасні 2021 года, 7 месяцаў у чаканні суду яны правялі ў Віцебскім СІЗА. У лістападзе 2021 году праваабарончая супольнасць прызнала іх палітвязнямі.
Апублікавана ў
Суд