Першы раз жанчыну затрымалі 27 лютага на ўчастку для галасавання падчас рэферэндуму. Яе абвінавацілі ў тым, што яна фатаграфавала бюлетэнь. Гэта было кваліфікавана як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Прысуд – 15 сутак арышту. Ужо за кратамі яе асудзілі другі раз, зноў за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне, а насамрэч – за надпіс «Не вайне» на куртцы. Наступным разам падставай для абвінавачання сталі паперкі з надпісамі «Не вайне» у вокнах яе кватэры. Нагодай для чацвёртага суду стаў пост «Не вайне» у Instagram.
Першыя тры арышты Вольга Брыцікава адбывала ў Вушацкім СІЗА, апошні – у Наваполацкім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.
Ціск на былую працаўніцу наваполацкага прадпрыемства «Нафтан» працягваецца з 2020-га году. Тады Вольга Брыцікава працавала начальнікам аддзелу рэалізацыі нафтапрадуктаў. Пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў яна стала актыўнай удзельніцай пратэстаў на прадпрыемстве. Калі на «Нафтане» адбываўся сход працоўных з удзелам тагачаснага кіраўніка Камітэту дзяржаўнага кантролю Івана Церцель (цяпер ён – старшыня КДБ), менавіта Брыцікава агучыла патрабаванні да ўладаў. У канцы 2020-га году Вольгу Брыцікаву звольнілі з прадпрыемства, у 2021-м годзе яна стала кіраўніком незалежнага прафсаюзу на «Нафтане». Пасля затрыманняў лідараў незалежных беларускіх прафсаюзаў аднадумцы вельмі турбуюцца за лёс жанчыны. Яны не выключаюць, што і Вольгу Брыцікаву могуць затрымаць ужо не па адміністрацыйнай, а па крымінальнай справе.
Міхась Хмара