Закрыць Віцебскае грамадскае аб'яднанне «Спартыўны клуб воднага пола «Віцьбіч» – такое рашэнне прыняла суддзя Віцебскага абласнога суда Наталля Хількевіч. Гэтая спартовая арганізацыя была зарэгістраваная ў 2006 годзе і займалася папулярызацыяй водных відаў спорту.
Па патрабаванні юстыцыі намаганнямі суддзі Таццяны Дзегцяровай спыніла сваё юрыдычнае існаванне Таварыства дружбы «Полацк-Фрыдыхсхафен». Таварыства было зарэгістраванае як абʼяднанне грамадзян у 1997 годзе. За ўсю сваю гісторыю члены арганізацыі садзейнічалі ўмацаванню і развіццю добрасуседскіх узаемаадносін паміж беларускім і нямецкім народамі. У свой час пра арганізацыю і яе дзейнасць пісала газета "Полацкі веснік".
Тая ж суддзя Наталля Хількевіч ліквідавала грамадскую дабрачынную арганізацыю «Віцебскі дзіцячы хоспіс», які праіснаваў 22 гады. За гэты час арганізацыя змагла дапамагчы многім сем'ям, дзеці ў якіх пакутавалі ад цяжкіх невылечных хваробаў. У 2001 годзе пра працу хоспіса пісала газета "Советская Белоруссия".
Суддзя Віктар Быстроў пазбавіў дзейнасці чальцоў Дубровенскага грамадскага аб'яднання «Таварыства пчаляроў-аматараў». Дубровенскае грамадскае аб'яднанне «Таварыства пчаляроў-аматараў» было адной з шасці беларускіх арганізацый, якія ў 2014 годзе заснавалі Саюза беларускіх пчаляроў. Цяпер гэты прафесійны саюз, у якім больш за 2,5 тысячы чалавек, будзе існаваць без сваіх паплечнікаў з Дуброўна.
Той жа Быстроў пазбавіў статусу юрыдычнай асобы Эка-культурнае і адукацыйнае грамадскае аб’яднане «Шлях з варагаў у грэкі». Грамадзяне, якія былі аб'яднаныя ў межах арганізацыі «Шлях з варагаў у грэкі» імкнуліся па-новаму паглядзець на «горад мастакоў Малевіча і Шагала». Яны імкнуліся напоўніць Віцебск новымі візуальнымі і культурніцкімі абʼектамі. У 2020 годзе нязменны кіраўнік гэтай арганізацыі мастак Віктар Буга прапанаваў гарадскім уладам Віцебску стварыць музей Халакоста.
Лявон Яфрэменка