Следства і пракуратура абвінавацілі Сяргея Парфяненкава ў тым, што ён са свайго акаўнта ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» ў суполцы «Усатый таракан» пакінуў каментар пра супрацоўніка ДАІ, які спыняў і штрафаваў аршанскіх актывістаў. У прыватнасці, ён напісаў у каментарах слова «мразь» і некалькі іншых напаўцэнзурных выразаў.
У судовым пасяджэнні 27 снежня Сяргей стаў адмаўляць, што пісаў менавіта ён. Бо дакладна не памятаў – даўно было. Казаў аб тым, што з ягонага акаўнта мог напісаць і нехта іншы.
Але суд пагадзіўся з аргументамі дзяржаўнага абвінаваўцы і палічыў, што Парфяненкаў сапраўды абразіў міліцыянта. Суддзя Дзмітрый Разумовіч прызнаў мужчыну вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два з паловай года. У якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды аршанец павінен выплаціць супрацоўніку ДАІ 1750 рублёў.
Рашэнне суду не набыло законнай моцы. Абвінавачаны, разам з адвакатам, рыхтуюць апеляцыйную скаргу ў абласны суд.
Віталь Кажух