Справу разбіраў суддзя Сяргей Будрэвіч. У якасці дзяржаўнага абвінаваўцы выступаў пракурор Шкурко. «Пацярпелы» – участковы міліцыянт з Бабруйску Андрэй Комар – на паседжаннях не прысутнічаў.
Паводле следства, Аляксандр Жалязоўскі ў чэрвені 2020 году пакінуў пад допісам у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» каментар: «У яго на лбе напісана: мра...ь кончаная». У публікацыі, пад якой быў зроблены каментар, вялася гаворка пра міліцыянта з Бабруйску Андрэя Комара. «Гэта я даваў паказанні, каб невінаватых адправілі ў турму» – такі подпіс стаяў пад фотаздымкам Комара. На погляд абвінавачання, Жалязоўскі сваім каментаром пад допісам абразіў прадстаўніка ўлады пры выкананні ім службовых абавязкаў.
Абвінавачаны віны не прызнаў.
Адвакат Жалязоўскага падчас судовых спрэчак сцвярджаў, што каментар не меў канкрэтнага адрасату і што ягоны падабаронны не абражаў «прадстаўніка ўлады», а «эмоцыямі рэагаваў на тое, што аўтар допісу прыпісваў Комару». Прасіў суд цалкам апраўдаць віцябляніна.
У сваім апошнім слове Аляксандр Жалязоўскі прасіў даць яму апошні шанец.
«Апошнім часам усе ганяць суды і суддзяў. Я ж да апошняга веру, таму што сам служыў. Веру, што суды і суддзі робяць усё слушна. Дайце мне, калі ласка, апошні шанец...» – прасіў падсудны.
Суддзя Сяргей Будрэвіч прызнаў Жалязоўскага вінаватым у злачынстве, прадугледжаным арт. 369 КК, і цалкам задаволіў патрабаванні пракурора. Прысуд: тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Задаволеныя таксама пазоўныя патрабаванні «пацярпелага» Комара аб кампенсацыі маральнай шкоды. Жалязоўскі мусіць выплаціць яму 1000 рублёў.
Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў Віцебскім абласным судзе.
Янка Прас