У чым абвінавачвалі фігурантаў справы
На лаўцы падсудных апынуліся тры чалавекі: Валерый Каспяровіч, яго былы намеснік Віктар Славецкі, а таксама кіраўнік прыватнай кампаніі «Витебскторг» Міхаіл Славецкі. 29 чэрвеня суд агучыў ім выракі. Валерый Каспяровіч абвінавачваўся ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч.3 арт. 426 КК і ч.3 арт. 430 КК.
«Абвінавачаныя (Валерый Каспяровіч і яго былы намеснік Віктар Славецкі), дзейнічаючы праз папярэднюю змову, са студзеня 2018 году па 28 студзеня 2019 году з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці [...] паставілі прадукцыю сельскагаспадарчых прадпрыемстваў праз падкантрольнае ім ЗАТ «Витебскмясомолторг». Пры гэтым ЗАТ «Витебскмясомолторг» за кошт аплаты рэалізаванага тавару атрымлівала мяса-малочную прадукцыю, якую рэалізоўвала ААТ «Витебскмясомолпром» праз ТАА «Витебскторг» па прыбытковай цане з мэтай атрымання маёмаснай выгады. У выніку дзеянняў абвінавачаных ААТ «Витебскмясомолпром» прычыненая шкода ў асабліва буйным памеры на суму 992 553,15 рублі і істотная шкода дзяржаўным інтарэсам», – гаворыцца ў прысудзе.
Таксама паведамляецца, што Каспяровіч і Славецкі атрымалі ад дырэктара ТАА «СиАйЭсТрэйд плюс» за арганізацыю паставак сельскагаспадарчых тавараў, грашовыя сродкі і выгады маёмаснага характару ў асабліва буйным памеры на агульную суму 169 317,11 рублёў.
Апроч гэтага, у прысудзе сцвярджаецца, што абвінавачаныя Віктар Славецкі і Міхаіл Славецкі без адмысловага дазволу палявалі на дзікіх жывёл, якія ўключаныя ў Чырвоную кнігу РБ. Тым самым прычынілі шкоду дзяржаве ў асабліва буйным памеры.
Валерый Каспяровіч, Віктар Славецкі і Міхаіл Славецкі прысуджаныя да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
З Каспяровіча і Віктара Славецкага на карысць ААТ «Віцебскмясамалпрам» будуць спагнаныя 992 553,15 рублі ў якасці кампенсацыі шкоды, а таксама дзяржаўную пошліну – 49 627,66 рублёў.
Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны.
Гісторыя змагання «Віцебскмясамалпраму» за свайго кіраўніка
28 студзеня 2019 года на тэрыторыі ААТ «Віцебскмясамалпрам» АМАП затрымаў кіраўніка прадпрыемства Валерыя Каспяровіча, яго былога намесніка Віктара Славецкага, а таксама кіраўніка прыватнай кампаніі «Витебскторг» Міхаіла Славецкага. Падставай для арышту стаў хабар у памеры каля 150 тысяч рублёў.
Калектыў прадпрыемства напісаў ліст Аляксандру Лукашэнку з просьбай вызваліць з-пад варты і вярнуць на працу гендырэктара Валерыя Каспяровіча.
Працаўнікі паведамілі Лукашэнку, што не вераць у вінаватасць свайго дырэктара. Што пад яго кіраўніцтвам супрацоўнікі трох прадпрыемстваў – «Віцебскмясамалпрам», «Віцебскія прадукты» і кардонава-паліграфічны камбінат – не ведалі, што такое затрымкі заробкаў, якія ў сярэднім складаюць больш за 500 долараў. Працаўнікі прасілі, пакуль ідзе следства, вярнуць іх дырэктара на працу, змяніўшы яму меру стрымання (Каспяровіч знаходзіўся ў СІЗА).
«Яго прыйшлі і проста забралі з працоўнага кабінету. Правялі ператрус у яго машыне (дзе нічога не знайшлі), а ў аднапакаёвай кватэры, дзе ён пражываў, знайшлі старэнькі ноўтбук і 960 долараў», – пісалі працаўнікі прадпрыемства.
І ўжо 5 красавіка атрымалі адказ з Адміністрацыі прэзідэнта. Яе тагачасная кіраўнічка Наталля Качанава паведаміла, што кіраўнік дзяржавы даў даручэнне да 20 красавіка разабрацца ў пытанні аб затрыманні Каспяровіча.
30 красавіка на прадпрыемства прыехаў на той момант генпракурор Аляксандр Канюк. Ён паведаміў работнікам, што Валерыя Каспяровіча на працу не вернуць і што ён і надалей будзе знаходзіцца пад вартай.
Пасля навін пра тое, як ішло расследаванне ў крымінальнай справе галоўнага інжынера МЗКЦ Андрэя Галавача (ён правёў за кратамі больш за 4 гады, а 16 жніўня 2019 году канчаткова апраўданы судом), працаўнікі «Віцебскмясамалпраму» зноў напісалі ліст да Аляксандра Лукашэнкі. У ім прасілі разабрацца, наколькі апраўдана ўтрыманне Валерыя Каспяровіча пад вартай. Ліст склалі ад імя калектыву прадпрыемства, на якім працуюць каля 600 чалавек.
У студзені 2020 году працаўнікі ў трэці раз звярнуліся да Лукашэнкі з просьбай вярнуць ім кіраўніка. Гэтым разам прывялі яшчэ і такі аргумент: дзяржэкспертыза паказала, што гендырэктар не нанёс шкоды прадпрыемству. Больш за тое, яно яшчэ і атрымала прыбытак.
28 студзеня 2020 году, роўна праз год пасля затрымання, Каспяровіч прыехаў з СІЗА дадому: яму змянілі меру стрымання – на хатні арышт. А яшчэ праз год, 17 траўня 2021, году ён вярнуўся на працу ў «Віцебскмясамалпрам»: яму змянілі меру стрымання з хатняга арышту на падпіску аб нявыездзе.