Аўторак, 06 Ліпень 2021

Дубровенскага актывіста Міхаіла Чамураку судзяць за паклёп на старшыню выбарчай камісіі

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Міхаіл Чамурака. Фота: facebook.com Міхаіл Чамурака. Фота: facebook.com

Прадпрымальніка і актывіста з Дуброўна Міхаіла Чамураку вінавацяць у паклёпе (арт. 188 КК). Пацярпелымі прызнаныя дырэктарка аршанскай школы №3, якая ў жніўні 2020 году кіравала выбарчай камісіяй, а таксама інспектар ДАІ. Крымінальную справу разбірае суд Дубровенскага раёну. Судовы працэс працягваецца ад 29 траўня, Міхаілу Чамураку пагражае да трох гадоў абмежавання волі («хімія»).

Чарговае судовае паседжанне ў справе Міхаіла Чамуракі адбудзецца 7 ліпеня. Справу разглядае суддзя Марыя Цыклінская. Крымінальны арт. 188 («Паклёп») прадугледжвае пакаранне штрафам, або папраўчымі працамі (да 2-х гадоў), або арыштам, або абмежаваннем волі да трох гадоў.

Як ужо паведамляла «Віцебская Вясна», мясцовыя міліцыянты трымалі сям’ю Чамуракаў пад асаблівай увагай. Пасля жнівеньскіх падзеяў супрацоўнікі Дубровенскага РАУС і СК правялі ў дачыненні Чамуракаў каля 10 розных праверак, адбыліся ператрусы. У дачыненні Міхаіла завялі некалькі адміністрацыйных спраў, ягоная жонка Людміла таксама была фігуранткай адміністрацыйнага працэсу.

Што вядома пра справу за паклёп

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 году на адным з выбарчых участкаў Воршы назіральнікі зафіксавалі заўважнае разыходжанне паміж колькасцю выбарцаў на ўчастку і колькасцю тых, хто прагаласаваў паводле выніковага пратаколу. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў інтэрнэце. У адказ старшыня камісіі Ала Сіняўская напісала заяву на Міхаіла Чамураку, бо палічыла, што інфармацыю распаўсюдзіў менавіта ён і яна «ілжывая». Гэтай версіі прытрымліваецца на судзе і бок абвінавачання. 

Заяву на Чамураку падаў і супрацоўнік аршанскага ДАІ Казакоў, які палічыў паклёпам звесткі пра тое, што ён браў удзел у затрыманнях людзей. Міліцыянт запатрабаваў 2000 рублёў кампенсацыі за прычыненую яму маральную шкоду.

У якасці сведак з боку абвінавачання давалі паказанні старшыня раённай выбарчай камісіі Давідовіч і інспектарка аддзелу прафілактыкі Аршанскага РАУС Вікторыя Давыдзенка.

Ян Ластаўка