Серада, 07 Ліпень 2021

Віцябляніна судзяць за каментар у Інстаграме. Заяву на яго напісала «неабыякавая» грамадзянка

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Аляксандр Мацвееў на судзе Аляксандр Мацвееў на судзе

7 ліпеня суд Першамайскага раёну Віцебску пачаў разглядаць крымінальную справу ў дачыненні віцябляніна Аляксандра Мацвеева. Былога кіроўцу-міжнародніка абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады пры выкананні ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК). Падставай для завядзення крымінальнай справы стаў каментар, нібыта размешчаны мужчынам 3 кастрычніка ў групе «Типичный Витебск» у Instagram.

Справу разбірае суддзя Наталля Карабліна. Паводле следства, Аляксандр Мацвееў, які быў зарэгістраваны ў групе пад нікам «Астроўна», размясціў каментар наконт дзеянняў старшага сяржанта ППС Віталя Шнявіна, які, як палічыў аўтар каментара, праявіў агрэсію ў дачыненні да ўдзельнікаў нядзельных маршаў пратэсту ў Віцебску. Каментар, які нібыта ўтрымлівае элементы ненарматыўнай лексікі, быў зроблены з тэрыторыі Італіі, дзе на той момант знаходзіўся абвінавачаны.

Мацвееў прызнаў сваю віну цалкам, папрасіў прабачэння і ўжо заплаціў пацярпеламу частку з заяўленых тым 1000 рублёў маральнай кампенсацыі. Сяржант міліцыі Шнявін на суд не з’явіўся, але праз адваката абвінавачанага перадаў суду распіску, у якой адмовіўся ад недаплачаных 700 рублёў кампенсацыі.

Аляксандр Мацвееў быў затрыманы ў канцы красавіка 2021 году ў менскім аэрапорце пры спробе вылецець у Вільню, дзе працаваў кіроўцам. Пасля затрымання мужчыну этапавалі ў Віцебск і на 3 дні змясцілі ў СІЗА. Да суду ён знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. За гэты час уладкаваўся на працу лагістам.

Як патлумачыў на судзе Мацвееў, падставай для напісання абразлівага каментару стала крыўда на супрацоўнікаў міліцыі. Летась падчас жнівеньскіх пратэстаў, ён быў незаконна затрыманы, калі проста выйшаў у краму па закупы. Ноч яго пратрымалі пад вартай, а раніцай без складання пратаколу адпусцілі дамоў.

Што да ненарматыўнай лексікі, ужытай Мацвеевым у каментары, то, паводле вынікаў лінгвістычнай экспертызы, ўжытае ў каментары слова не фіксуецца ў слоўніках літаратурнай мовы, а ў тлумачальным слоўніку субстандартнай лексікі рускай мовы падаецца з стылістычнай пазнакай «лаянка».

У якасці сведкі ў судзе была апытаная хатняя гаспадыня Наталля С. Яна паведаміла, што ў адным з дзяржаўных тэлеграм-каналаў яна пабачыла пост са спасылкай на групу «Типичный Витебск» з Instagram. Сябры прадзяржаўнага тэлеграм-каналу скардзіліся на ўдзельнікаў гэтай групы, якія дазволілі сабе нібыта зняважлівыя выразы ў дачыненні прадстаўнікоў улады падчас паслявыбарчых акцый пратэсту. Наталля перайшла па спасылцы, прачытала і абурылася з «каментароў рэвалюцыянераў» на адрас супрацоўніка МУС Шнявіна. Сведка сцвярджае, што ў некаторых каментарах «меўся непрыхаваны заклік да гвалту». Гэта так абурыла дзяўчыну, што яна зрабіла скрыншоты, прыклала іх да электроннага звароту і накіравала ва ўпраўленне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму.

Акурат зварот пільнай грамадзянкі Наталлі С. у міліцыю і стаў падставай для завядзення крымінальнай справы, ахвярай якой можа стаць Аляксандр Мацвееў.

Наступнае судовае паседжанне ў справе прызначылі на 8 ліпеня (пачатак – у 14.00).

Ян Сведка