Аўторак, 05 Студзень 2021

Пенсіянера Чэслава Салодкага аштрафавалі за ўдзел у шэсці і сцяг на мядзведзі

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Чэслаў Салодкі на судзе Чэслаў Салодкі на судзе

5 студзеня суд Кастрычніцкага раёну пакараў 66-гадовага віцябляніна Чэслава Салодкага штрафам у памеры 12 базавых велічынь за ўдзел у вулічным шэсці і ў несанкцыянаваным пікетаванні (ч.1 арт. 23.34 КаАП). Удзельнікам пікетавання мужчыну прызналі толькі праз тое, што ўвечары ён прагульваўся міма дэкаратыўнай скульптуры мядзведзя, на якім быў нібыта накінуты бел-чырвона-белы сцяг…

Справу разглядаў суддзя Уладзімір Царыкаў.

Міліцыянты склалі на пенсіянера і інваліда 2-й групы Чэслава Салодкага два пратаколы. У першым яны абвінавацілі яго ва ўдзеле ў вулічным шэсці пенсіянераў 16 снежня, калі 8 пажылых віцяблян прайшлі па двары аднаго з дамоў на вуліцы Берасценя, скандуючы лозунгі. Паводле пратаколу, Салодкі трымаў у руках «бел-чырвона-белае палотнішча». Згодна з другім пратаколам, 17 снежня пенсіянер размясціў БЧБ-палотнішча на дэкаратыўнай скульптуры мядзведзя каля кавярні «Бацькава хата» на Маскоўскім праспекце.

Чэслаў Салодкін быў затрыманы ўвечары 17 снежня падчас вечаровага шпацыру на Маскоўскім праспекце. Яго, і яшчэ трох затрыманых, адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС, дзе пенсіянеру стала блага. У абласной лякарні, куды мужчыну даставіла хуткая дапамога, дыягнаставалі гіпертанічны крыз.

На судзе Чэслаў Салодкі запэўніў, што да таго, як яго забрала хуткая, на яго ніхто не складаў пратаколаў, а значыцца, яны былі складзеныя без яго ўдзелу. Яго таксама ніхто не азнаёміў з правам мець абаронцу. Расказаў, што перад ад'ездам у больніцу супрацоўнік міліцыі гвалтам вырваў з ягоных рук тэлефон – нібыта ў заклад.

Што да выстаўленых абвінавачанняў, Салодкі не аспрэчваў, што 16 снежня прайшоўся разам з іншымі пенсіянерамі ў двары дому 48 на вуліцы Берасценя, але ўвесь ягоны «ўдзел» доўжыўся хіба 6-7 секунд, бо шпарка ісці не мог.

«Я штодзень гуляю па вуліцах гораду, каб паправіць здароўе, бо перажыў нядаўна трэці інсульт… Нікога з тых людзей асабіста не ведаў і нічога не скандаваў. А ў руках трымаў зусім не «палотнішча бел-чырвона-белага» колеру, а наш нацыянальны сцяг, якому калісьці прысягаў. Я лічу яго святым! Таму і далучыўся да шэсця», – патлумачыў на судзе Чэслаў Салодкі.

Наконт эпізоду з «палотнішчам» на скульптуры мядзведзя, якое нібыта з'явілася там 17 снежня, мужчына заявіў, што нават не заўважыў той скульптуры і не ведае, дзе яна знаходзіцца. Магло здарыцца, проста праходзіў у той вечар міма яе.

Адвакатка Чэслава Салодкага звярнула ўвагу суду на шматлікія парушэнні міліцыянтамі працэсуальных норм пры складанні пратаколаў, а таксама на малазначнасць дзеянняў абвінавачанага. Прасіла з гэтых прычын скасаваць справу.

Але суддзя Уладзімір Царыкаў прызнаў Чэслава Салодкага вінаватым па абодвух пратаколах і пастанавіў пакараць яго штрафам у памеры 12 базавых велічынь (348 рублёў), а таксама адмяніць арышт тэлефона.

Суд над пенсіянерам і інвалідам 2-й групы доўжыўся больш за тры гадзіны.

Чэслаў Салодкі збіраецца абскардзіць рашэнне ў Віцебскім абласным судзе.

Зміцер Міраш