Крымінальную справу разглядае суддзя Сяргей Будрэвіч. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, 4 кастрычніка падчас вулічнага шэсця на Маскоўскім праспекце Юлія Кашаверава «з хуліганскіх намераў», «знарок, без падстаў і прычын» сарвала з супрацоўніка АМАПу Аляксея Альхімовіча медычную маску і форменную бейсболку. Пасля гэтага, як сцвярджае абвінавачанне, «абутымі нагамі» зрабіла некалькі ўдараў па мікрааўтобусе з амонаўцамі, чым нанесла шкоду транспартнаму сродку (агульная сума матэрыяльнай шкоды склала 841 рубель). Апроч таго, кінула ў бок мікрааўтобуса, які ад'язджаў, «драўляны прут», сцвярджае абвінавачанне.
Юлія Кашаверава, якую прывезлі на суд у кайданках, прызнала віну часткова.
Інцыдэнт здарыўся 4 кастрычніка каля дому №74 к.1 на Маскоўскім праспекце падчас сутычкі пратэстоўцаў з супрацоўнікамі МУС, якія жорстка затрымлівалі аднаго з удзельнікаў мірнага маршу. Грамадзяне спрабавалі вырваць пратэстоўца з рук міліцыі. У адказ службоўцы ўжылі супраць людзей газавыя балончыкі.
На першым судовым паседжанні апытваліся сведкі, у прыватнасці супрацоўнікі віцебскага АМАПу, якія 4 кастрычніка «суправаджалі калону грамадзян на мікрааўтобусах». Бусы не мелі ніякіх знакаў прыналежнасці да МУС і выглядалі як грамадзянскі транспарт.
Супрацоўнік АМАПу Аляксей Альхімовіч, з якога сарвалі маску і бейсболку, прызнаўся, што не бачыў, хто гэта зрабіў, бо на той момант затрымліваў пратэстоўца і знаходзіўся спінай да «натоўпу». Пра факт зрывання маскі не ўзгадаў нават у рапарце, які складаў. Хто наносіў удары па мікрааўтобусе, таксама не бачыў, бо знаходзіўся ўжо ў салоне. Пра тое, што бус пашкодзілі, даведаўся пазней.
Яшчэ адзін сведка-амапавец таксама заявіў, што не бачыў, як абвінавачаная зрывала маску і кепку з Альхімовіча, а гукі ўдараў па бусе толькі чуў, ужо знаходзячыся ўсярэдзіне аўтамабіля.
У якасці сведкаў заяўленыя як мінімум сем супрацоўнікаў МУС. Пасля абеду прадоўжыўся допыт сведкаў з боку абвінавачання. Каля 17.00 у працэсе абвясцілі перапынак да 4 лютага.
Віцяблянка Юля Кашаверава знаходзіцца пад вартай ад 20 кастрычніка. На момант затрымання яна працавала медсястрой у вайсковай частцы, але пазней яе папрасілі напісаць заяву аб звальненні. Дзяўчына мае прыроджаны парок сэрца.
Зміцер Міраш