Зьмітра Лупача, які супрацоўнічае з «Белсатам», затрымалі 8 траўня. Да суду, які адбыўся над ім 11 траўня, журналіста трымалі ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Судзілі Зьмітра паводле двух артыкулаў: парушэньне заканадаўства аб СМІ, за што прысудзілі яму штраф у памеры 45 базавых велічынь (1215 рублёў), акрамя таго, журналісту прысудзілі 10 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у масавай акцыі.
Пасьля суду Зьмітру Лупачу стала кепска і яго забрала хуткая дапамога.
«Лекары сказалі, што Зьмітру неабходнае назіраньне. Таму яго паклалі ў рэанімацыю. Спадзяемся, што яму стане лепей. У лекараў няма старых кардыяграмаў, яны мусяць разабрацца. Але перасьцерагаюцца, каб у яго ня ўзьнік перадынфарктны стан. Ціск яму зьбілі, стала лепей. Ён яшчэ некалькі дзён скардзіўся на тое, што высокі ціск, прымаў лекі», – распавяла «Белсату» Жана Лупач, жонка Зьмітра Лупача.
Прысутныя на судзе былі абураныя выракам, піша Беларускае Радыё Рацыя.
Як кажа праваабаронца Павал Левінаў, асабліва абурыла тое, што Зьмітру ня далі пастанову, а ў міліцыянтаў, якія чакалі журналіста на машыне каля будынку суду, яна ўжо была.
Павал Левінаў і Зьміцер Лупач у залі суду. Фота: racyja.com
«Пастанову на рукі ня выдалі, хаця супрацоўнікам міліцыі завераную пастанову за подпісам судзьдзі і пячаткай суду выдалі. Там жа Зьміцер зьвярнуўся з заявай пра тое, каб у сувязі з рэзкім пагаршэньнем здароўя адтэрмінавалі пакараньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту. Дадзеную заяву прынялі, але разгледзіць яе тэрмінова адмовіліся. Мне гэта нагадвае гісторыю, якая здарылася з нашай краінай 75 гадоў таму», – сказаў Павал Левінаў.
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!