Панядзелак, 11 Май 2020

Патаемныя суды ў Воршы, Віцебску, Полацку і Наваполацку

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Актывісты перад судом у Віцебску Актывісты перад судом у Віцебску

Удзельнікаў стрымаў блогера Сяргея Ціханоўскага, якія праходзілі на Віцебшчыне, абвінавацілі ў парушэньні заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы. Суды праходзілі патаемна: сябрам і нават сваякам рэдка калі ўдавалася трапіць на працэсы, піша Беларускае Радыё Рацыя.

Каля 30-ці чалавек прыйшлі ў аршанскі суд, каб падтрымаць Ільлю Ціханава і Аляксандра Андрэева, затрыманых 8 траўня. На суд не пусьцілі нікога, толькі паведамілі жонкам пра вырак – 10 сутак арышту кожнаму.

Каб трапіць на суд да віцебскага сябра Партыі БНФ Аляксандра Ільінца, журналістам і праваабаронцам давялося чакаць 4 гадзіны. Пасяджэньне працягвалася 10 хвілін, вырак – 5 сутак арышту.

Віцебская блогерка Алена Янушкоўская абурана такой сытуацыяй:

«Падтрымка прыходзіць, а яны на вытрымку правяраюць. Застаюцца самыя моцныя. Калі застаюцца, бо ў большасьці людзі разыходзяцца… А наконт таго, што адбываецца, то гэта нейкі жах! У краіне дэкляруецца свабода слова, і гэта павінна выконвацца. А ў нас у краіне поўнае парушэньне ўсіх правоў!» – кажа Янушкоўская.

У Наваполацкім гарадзкім аддзеле міліцыі разьбіралі сёньня справу Андрэя Зуева. Учора ягоную жонку міліцыянты самі запрасілі прыйсьці на суд, а сёньня не пусьцілі. Тацяна Зуева больш за дзьве гадзіны чакала за дзьвярыма, а потым ёй паведамілі вырак: мужу прысудзілі 7 сутак арышту.

Самым «лагодным» аказаўся суд у Полацку: на працэс удалося трапіць жонцы падсуднага Віталя Бялевіча, і яму самому прысудзілі не арышт, а 8 базавых велічынь штрафу (216 рублёў). Праўда, пакараньнем варта лічыць і тыя трое сутак, якія ён правёў да суду пасьля затрыманьня.

На гэтым суды ня скончыліся: ужо заўтра ў Воршы будуць судзіць Алену Мірашнічэнка. Падчас аршанскага стрыму Сяргея Ціханоўскага яна гаварыла пра праблемы беспрытульных жывёлаў і чалавечую абыякавасьць. За гэта, як і на іншых удзельнікаў сустрэчаў з блогерам, на яе склалі пратакол за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.