Серада, 19 Люты 2020

Абласны суд не задаволіў ніводнай з шасьці скаргаў віцебскіх актывістаў

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
У аблсудзе падчас разгляду скаргаў У аблсудзе падчас разгляду скаргаў

19 лютага віцебскія актывісты Аляксандар Дуброўскіх, Тацяна Севярынец і Алена Янушкоўская спрабавалі ў абласным судзе абскардзіць рашэньні судоў ніжэйшай інстанцыі, якія пакаралі іх штрафамі за «парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах» (арт. 23.34 КаАП). Актывістаў штрафавалі за дзеяньні, зьвязаныя з адстойваньнем незалежнасьці Беларусі.

Скаргі актывістаў у Віцебскім абласным судзе разглядалі судзьдзі Сьвятлана Іванова і Ірына Смалякова.

Суд і абсурд

Тацяна Севярынец абскарджвала пастанову суду Першамайскага раёну Віцебску. 23 студзеня судзьдзя Міхаіл Юрчанка аштрафаваў яе на 30 б.в. за публічны заклік да ўдзелу ў пратэставых мерапрыемствах 29 сьнежня ў Менску.

Актывістка выказала недавер суду і, у прыватнасьці, судзьдзі Сьвятлане Івановай, але хадайніцтва не задаволілі.

«Уся наша судовая сыстэма і нават сам факт суду па гэтым пытаньні – гэта абсурд. Як я магу давяраць суду, які ёсьць абсурдным!» – выказала сваё стаўленьне Севярынец. Яна патлумачыла, што мела канстытуцыйная права казаць людзям пра небясьпеку страты незалежнасьці.

Алена Янушкоўская, Аляксандар Дуброўскіх і Тацяна Севярынец у абласным судзе

«Нас хочуць анэксаваць! Усе на плошчу! Я і зараз кажу: «Людзі, будзьце пільнымі! Я – вольны чалавек. Вы – не! Я карыстаюся сваёй свабодай! Вы за гэта мяне караеце. Ну, што я магу зрабіць? Зразумела, у мяне з пэнсіі будуць вылічваць шалёныя штрафы, якія вы мне напрыдумвалі», – сказала яна.

За адну літарку – 20 базавых

Другая скарга Тацяны Севярынец тычылася пастановы, вынесенай за ўдзел у несанкцыянаваным уладамі антыінтэграцыйным пікеце 29 сьнежня на плошчы Перамогі ў Віцебску. Суд Чыгуначнага раёну 30 студзеня аштрафаваў яе за гэта на 20 базавых велічынь (судзьдзя Дзяніс Аляксеенка).

Тацяна Севярынец засяродзіла ўвагу на фактычнай памылцы ў пастанове. Актывістка не магла адна трымаць плякат, які складаўся з 12 асобных літар. Прычым спадарыні Тацяне дасталася самая бяскрыўдная літара – «мяккі знак».

«Я трымала «мяккі знак». Дык за адну літарку мне далі 20 базавых. Вам ня сьмешна?» – пыталася з іроніяй актывістка.

Сьвятлане Івановай сьмешна не было: яна пакінула пастановы судоў ніжэйшай інстанцыі бяз зьменаў, а скаргі актывісткі – без задавальненьня.

«Дык за што вы нас судзіце?»

Блогерка Алена Янушкоўская мела намер аспрэчыць рашэньне судзьдзі Міхаіла Зубені (суд Віцебскага раёну) ад 23 студзеня 2020 году, які аштрафаваў яе на 25 базавых велічынь за ўдзел у менскай акцыі 20 сьнежня. Янушкоўская таксама выказала недавер судзьдзі Івановай і ўсёй судовай сыстэме. Падчас судовага разгляду яна вяла відэазапіс.

«Забесьпячэньне правоў і свабодаў грамадзянаў зьяўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы», – цытавала арт. 21 Канстытуцыі Алена Янушкоўская. Яна настойвала, што, згодна з Канстытуцыяй, абарона незалежнасьці лічыцца сьвятым абавязкам: «Дык за што вы нас судзіце? За выкананьне сьвятога абавязку?»

Актывістка прысароміла судзьдзю Іванову тым, што тая не выконвае сваіх абавязкаў, парушае Канстытуцыю і міжнародныя юрыдычныя нормы. Пранікнёныя словы выклікалі воплескі ў залі, але на рашэньне судзьдзі ніякім чынам не паўплывалі.

«Навошта вы так зьдзекуецеся зь людзей?»

Астатнія тры скаргі разгледзела судзьдзя Ірына Смалякова.

Блогер Аляксандар Дуброўскіх аспрэчваў пастанову судзьдзі Кастрычніцкага суду Ільлі Белавуса ад 14 студзеня. Дуброўскіх аштрафавалі на 30 базавых велічынь за ўдзел у не дазволеных уладамі пратэстах 20 сьнежня ў Менску.

«Нядаўна я задаў супрацоўнікам ІЧУ пытаньне: «Навошта вы так зьдзекуецеся зь людзей?» Тыя адказалі, што дзейнічаюць паводле інструкцыі, паказаць якую яны адмовіліся. Калі на Нюрнбэрскім працэсе судзілі нацысцкіх злачынцаў, тыя казалі амаль тое ж: «У нас быў загад». Вось і ўсё…» – сказаў Дуброўскіх.

Перад судовай залай разам з тымі, хто прыйшоў падтрымаць актывістаў

Другая скарга Аляксандра Дуброўскага тычылася пастановы суду Чыгуначнага раёну Віцебску ад 29 студзеня. У той дзень блогера аштрафавалі на 30 базавых (на суд прывозілі зь ІЧУ) ужо за сьнежаньскую акцыю ў Віцебску. Ніякіх тлумачэньняў Дуброўскіх больш не даваў, і Ірына Смалякова пакінула вынесеныя раённымі судамі прысуды бяз зьменаў.

«Хто даў права перапісваць Канстытуцыю?»

Апошняй разгледзелі яшчэ адну скаргу Алены Янушкоўскай. Яна не пагадзілася з пастановай судзьдзі суду Віцебскага раёну ад 24 студзеня, калі судзьдзя Натальля Трацякова аштрафавала яе на 30 б.в. за ўдзел у менскай акцыі пратэсту 21 сьнежня.

«Чаму нас, народ, які выплачвае падаткі, утрымлівае службоўцаў, змушаюць за грошы праводзіць масавыя мерапрыемствы? На якой падставе гэта адбываецца і на якой падставе нас пазбаўляюць канстытуцыйнага права публічна выказваць свае меркаваньні?Нас пазбавілі ўсялякай магчымасьці адстойваць свае правы! Хто даў права перапісваць Канстытуцыю?» – абуралася актывістка.

Скаргу Янушкоўскай судзьдзя Смалякова таксама не задаволіла.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.