Чацвер, 20 Люты 2020

Нечаканка: у Глыбокім спынілі справу, заведзеную на журналіста Зьмітра Лупача

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Зьміцер Лупач. Фота: baj.by Зьміцер Лупач. Фота: baj.by

19 лютага адбылося другое пасяджэньне суда па адміністрацыйнай справе журналіста з Глыбокага Зьмітра Лупача. Яго вінавацілі ў парушэньні Закону аб СМІ за супрацу з тэлеканалам «Белсат». У выніку Глыбоцкі раённы суд вынес пастанову аб спыненьні справы ў сувязі з недаказанасьцю, паведамляе служба маніторынгу «Беларускай асацыяцыі журналістаў»

Першае слуханьне справы, заведзенай у дачыненьні журналіста на падставе часткі 2 артыкула 22. 9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ), адбылося 27 студзеня. Але тады судзьдзя Станіслаў Трапук адправіў яе ў міліцыю на дапрацоўку, бо немагчыма было вызначыць дакладную дату правапарушэньня.

Пасьля маёр міліцыі Сяргей Цырбан выклікаў Зьмітра Лупача для правядзеньня чарговага апытаньня і выправіў дату ва ўжо старым пратаколе. Таксама міліцыянт зьезьдзіў у гарадзкі пасёлак Падсьвільле і апытаў яшчэ двух сьведак. Але і гэта не дапамагло вызначыць дакладную дату меркаванага адміністрацыйнага правапарушэньня і даказаць вінаватасьць журналіста.

Як кажа Зьміцер Лупач, у яго быў спадзеў, што ўсё ж апраўдаюць: «50 на 50». Бо ў судзе былі заяўленыя шмат хадайніцтваў і пададзеныя доказы, што ў той дзень, ён не здымаў жыхароў дома на вуліцы Савецкай у Падсьвільлі, як даводзілі міліцыянты. Таксама журналіст дадае, што і справу разглядаў судзьдзя, якога лічаць у горадзе больш-менш справядлівым. «Наколькі можна быць справядлівым ва ўмовах нашай краіны», – заўважае Зьміцер Лупач.

Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, яму спадабалася, як вёў працэс судзьдзя:

«Ён сапраўды намагаўся разабрацца ва ўсіх акалічнасьцях справы журналіста. Але, у рэшце рэшт, ён Зьмітра ўсё ж такі не апраўдаў, а пастанавіў спыніць справу ў сувязі з недаказанасьцю віны. Судзьдзя патлумачыў, што правапарушэньне Зьмітром было ўчыненае, але міліцыянты, якія вялі адміністрацыйны працэс, не змаглі прадаставіць дастатковых доказаў. Я лічу, што можна паспрабаваць абскардзіць гэтую пастанову і прасіць суд другой інстанцыі зьмяніць фармулёўку на адсутнасьць у дзеяньнях Зьмітра Лупача складу адміністрацыйнага правапарушэньня», – мяркуе праваабаронца.

Нагадаем, сёлета ў Зьмітра Лупача гэта было трэцяе па ліку судовае пасяджэньне: два – па гэтай справе 27 студзеня і 19 лютага ў Глыбокім, а перад тым, 10 студзеня, судзьдзя Пастаўскага раённага суду Натальля Максімовіч пакарала журналіста штрафам за супрацу з тэлеканалам «Белсат».

Перасьлед журналіста з боку ўладаў за прафэсійную дзейнасьць не спыняецца. Некалькі дзён таму на яго склалі пратакол шаркоўшчынскія міліцыянты. Гэтым разам падставай стаў відэасюжэт пра дзіцячую пляцоўку ў Шаркоўшчыне, паказаны на тэлеканале «Белсат».

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.