Як сьцьвяржае Леанід Здрэстаў, Канстытуцыя гарантуе яму права карыстацца дапамогаю адвакатаў і іншых яго прадстаўнікоў у судзе. Аднак судзьдзі Канстытуцыйнага суду, да якіх ён зьвярнуўся, ня сталі разглядаць, ці было парушанае гэтае яго права ў судзе Віцебскага раёну. Адказ начальніка сакратарыяту суду Аляксандра Каравая, у якім той тлумачыць, хто і як можа зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд, ён лічыць адпіскай.
«Прашу прызнаць неканстытуцыйнымі і парушаючымі мае канстытуцыйныя правы дзеяньні сакратарыяту Канстытуцыйнага суду і адказ начальніка сакратарыяту Каравая А.В», – напісаў Леанід Здрэстаў у сваёй скарзе на імя старшыні Канстытуцыйнага суду Пятра Міклашэвіча. Актывіст спадзяецца на добрапрыстойнасьць апошняга і чакае, што яго скарга будзе разгледжаная належным чынам.