Колькасьць забітых габрэяў за часамі акупацыйнага пэрыяду ў Віцебску склала ажно 17 000 – 18 000 чалавек.
Тысячы вязьняў вывозілі ў вёску Себяхі да Тулаўскага (Ілаўскага) рова, дзе і адбываліся забойствы. Расстрэлы чыніліся з раніцы да ночы, а на дзяцей і старых нават шкадавалі патроны, закопвалі жывымі. Як цьвердзяць гістарычныя крыніцы, месцамі масавых расстрэлаў сталі Ілаўскі роў, габрэйскія могілкі ў раёне Пескаваціка, Стара-Ўланавіцкія клады, Уланавіцкая гара, Чорная лужына, Духаўскі роў, пойма ракі Віцьбы, блізу Вэтэрынарнай акадэміі.
Мы зьвярнуліся да Марыі Фамінічны з просьбай распавесьці пра трагічныя падзеі зьнішчэньня габрэйскага насельніцтва.
– Расстрэльваць габрэяў пачалі яшчэ летам 1941 году. Немцы толькі кантралявалі, а забівалі ці то палонныя, ці то паліцаі. Былі й такія людзі, што нажываліся на чужым горы. У Себяхах такі Андрэй быў, дык казалі, цэлую торбу золата назьбіраў.
Некаторым шанцавала, ім удавалася ўцячы. Мая цётка цэлы год трымала на печцы шасьцігадовага габрэйскага хлопчыка. А у самой было чацьвёра сваіх дзяцей. Стрыгла ледзьве ня кожны тыдзень, бо чарнявыя валасы былі занадта кучаравыя. Аднойчы ў вёску прыйшлі партызаны, і цётка ўгаварыла іх забраць хлопчыка да сябе, бо, кажа, і мяне заб’юць і яго павесяць. Партызаны апранулі дзіцёнка, пасадзілі на каня і павезьлі ў лес. Больш яго я ніколі не бачыла.
Аднойчы ў нашу хату з крыкам “ратуйце” забегла дзяўчына гадоў васямнаццаці. Спачатку хацелі схаваць яе пад падлогай, але ж немцы з сабакамі. І яе знойдуць, і нас заб’юць. Тады я вырашыла весьці яе на Селівоўшчыну, цяпер там гарадзкія дачы. Мама дала бохан хлеба і шматок сала. Я паказала ёй напрамак руху і сказала, што калі яна будзе яго прытрымлівацца, то натрапіць на партызанаў.
Мая цётка жыла насупраць рова, дык казала, што ўначы там такі стогн стаяў, што нас трэсла і калаціла. Кажуць, зямля ходырам хадзіла ад дыханьня жывых чалавечых целаў. Хлопчык аднойчы да яе прыбег. Кажа: “Цётачка, я з-пад зямлі вылез!” Гадоў 12 яму было. Во, што вытваралі: жыўцом малога ў зямлю кінулі.
Да вайны я вучылася ў плянава-бухгальтарскім тэхнікуме на вуліцы Фрунзэ, а дырэктарам там быў прыгожы, надта добры габрэй Левін. Дык вось, аднойчы на дарозе, якую прыбіралі мясцовыя жыхары, я натрапіла на ягонае фота. Відаць, кінуў наўмысна, спадзеючыся на тое, што нехта са знаёмых натрапіць на фотаздымак і гэткім чынам стане вядомым месца ягонага спачыну.
Узімку 1943-га немцы, баючыся адплаты і замятаючы сьляды, ізноў жа чужымі рукамі пачалі выкопваць забітых раней габрэяў і паліць іхныя парэшткі на велізарных кастрах. У Тулава дыхаць не было чым, такі смурод стаяў! Страх Божы!
Але ж цярпелі не толькі габрэі. Недзе за паўтара году да канца вайны нас з Тулава перасялілі ў дамы на Стадыённых вуліцах, а пасьля ў канцлягер “Пяты полк”. Там было зусім жахліва. Месяц мы там прабылі. Гэта як год, а то і больш. Ня дай Бог. Голад, холад. Палонныя ляжаць пластамі, просяць вадзічкі. А вадзічкі не было. Аднаго разу я адшукала ржавую бляшанку ад кансэрваў, падпаўзла да лужыны, зачэрпнула дажджавой вады, дала параненаму.
Празь месяц нас – брудных, смуродных, гідкіх – пагрузілі ў цялячыя вагоны і павезьлі ў невядомым кірунку. Прывезьлі ў Беласток. Распранулі наўпрост на сьнезе й пагналі ў лазьню. З лазьні зноў прыйшлося апранацца ў наша зьледзянелае бруднае адзеньне. Потым прыехалі купцы. Нас (мяне з дачкой, сьвякрову, залоўку зь дзіцёнкам) ніхто ня ўзяў, таму адправілі за калючы дрот. Едзем, навокал прыгожа. Вясна там пачынаецца значна раней. Трапілі ў Бэрлін. Побач месьціліся тры лягеры: італьянскі, францускі і савецкі. Барак невялічкі, а людзей ажно 36 чалавек. Нары ў два паверхі, нейкія матрацы. Кармілі баландай з чарвякамі. Здымеш іх і ясі, смачна…
Кожны дзень праца пад канвоем. Папрацавалі ўсё, што толькі магчыма. На ногі змусілі надзець драўляны абутак. Хутка пачалі лопацца, балець і крывавіць пяткі. Зьвярнуліся да кіраўніка. Той, відаць, пашкадаваў нас і дазволіў насіць свае боты і чаравікі.
Калі сталі падыходзіць савецкія войскі, дзецям нечакана пачалі даваць 1,5 літры малака з кавалачкам масла і куском батону. Бабы кажуць: рускія падыходзяць, таму немцы сталі баяцца.
– А ці чулі Вы нешта пра зьнішчэньне ў Ілаўскім рове ў перадваенны час рэпрэсаваных савецкіх грамадзян?
Пра зьнішчэньне “ворагаў народу” Марыя Фамінічна нічога ня чула, а вось пра рэпрэсаваных тулаўскіх сялян сёе-тое распавяла.
– Спачатку начальства хапалі, а потым ужо ўсіх без разбору. Толькі за адну ноч з Тулава забралі 30 вяскоўцаў. У аднаго ажно сямёра дзяцей было, нікога не пашкадавалі. Злавесны “чорны воран” па зімовым крэпкім серанку прыляцеў зь Віцебску ў вёску і назаўжды зьвёз у невядомасьць ні ў чым нявінных грамадзян. За маім бацькам таксама прыяжджалі. Уратавала яго толькі тое, што абласны судзьдзя Навічкоў сябраваў зь ім. Кажа, ідзі, Фама Сьцяпанавіч, у лес, залазь на яліну, бо ты ўжо ў сьпісах, сёньня прыедуць. А мароз быў страшэнны. Апранула маці бацьку ў кажух, валёнкі і выправадзіла з дому. Сядзець жа трэба было да раніцы. Тры разы за ноч прыяжджалі па ягоную душу. А калі зьехалі, маці ліхтар запаліла, паказала, што можна дадому вяртацца. І так бацька тры ночы хаваўся. Праз гэта захварэў на запаленьне лёгкіх, трапіў у абласную больніцу. Во, як лёгка было, але, дзякуй Богу, уратаваўся. А з тых, каго забралі, ніхто не вярнуўся.
Вось сьвёкар мой быў звычайны фельчар з Тулава. Прыйшоў з працы, лёг пад яблыняй адпачыць, а тут прыехалі, схапілі, забралі, а на трэці дзень у яго разрыў сэрца здарыўся. Не перанёс гэтага ўсяго. Дзеверу майму сказалі: “Пахавалі вашага бацьку на габрэйскіх могілках, прыходзьце, забярыце ягоныя рэчы”.
Столькі перажыта, столькі пройдзена, але няма ў вачох старой жанчыны ані нянавісьці, ані злосьці. Сьвецяцца яны радасьцю, гонарам за сваіх унукаў, якія ўсе маюць вышэйшую адукацыю. Але найбольш зьдзіўляе тое, што не ачарсьцьвела ейнае сэрца, што па-ранейшаму пішуцца вершы. Шчырыя эмацыйныя, па-свойму філязофскія, удумлівыя, глыбокія:
Великий Боже, дай мне силы
Закончить этот путь земной,
Не быть обузой до могилы
И чтоб не мучились со мной.
И не лишай до расставанья
Рассудка, здравого ума.
И чтоб за все мои деянья
Была ответственна сама.
С. Горкі
Крыніца: Дыялёг Online газэта