Субота, 01 Лістапад 2014

У Віцебску арыштаваны заснавальнік праваабарончай установы «Платформ інавэйшан»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Пляцформа» (прыватная культурна-асьветніцкая ўстанова «Платформ інавэйшан») Міхаіл Жамчужны арыштаваны ў Віцебску ў жніўні гэтага году, аднак дагэтуль бракуе інфармацыі аб прычынах ягонага арышту. Пра гэта паведамляе сайт «Пляцформы»

«Дагэтуль інфармацыі аб прычынах арышту Міхаіла Жамчужнага няшмат. Дакладна вядома, што крымінальная справа адносна яго распачатая паводле часткі 1 артыкулу 375 (наўмыснае раскрыцьцё эканамічных, навукова-тэхнічных ці іншых зьвестак, якiя складаюць службовую тайну, асобай, якая мае або мела доступ да гэтых зьвестак). А таксама паводле часткі 2 артыкулу 376 (незаконныя выраб або набыцьцё ў мэтах збыту або збыт спэцыяльных тэхнічных сродкаў, прызначаных для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь», — паведамляе «Пляцформа».

Сябры «Пляцформы» дагэтуль ня маюць зьвестак пра тое, у зьвязку з чым Жамчужнаму прад’яўленыя такія абвінавачаньні, а ў адваката ўзятая падпіска пра неразгалошваньне.

Міхаіл Жамчужны — колішні асуджаны па эканамічнай справе прадстаўнік «Пляцформы» ў Віцебску, а да зьняволеньня — дацэнт Віцебскага тэхналягічнага інстытуту, кандыдат тэхнічных навук.

Былы кіраўнік праваабарончай установы «Платформ інавэйшан» Андрэй Бандарэнка сёлета ў жніўні быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня паводле артыкулу аб злосным хуліганстве. Праваабаронца на судзе прызнаў сваю віну часткова, але з такім прысудам не пагадзіўся і абскардзіў яго ў Менскім гарадзкім судзе. Калегія Менскага гарсуду пакінула прысуд бязь зьменаў. У апошнім слове на судзе Бандарэнка казаў пра магчымую правакацыю спэцслужбаў, але не адмаўляў і таго, што «сваімі дзеяньнямі гэтаму дапамог».

Радыё Свабода