Серада, 01 Красавік 2026

Дзяцей і падлеткаў з Оршы і Глыбокага ўцягваюць у праекты фонда «Русский мир»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Мэта – папулярызацыя рускай літаратуры. Фонд «Русский мир» укладае ў гэта немалыя сродкі, тады як папулярызацыю беларускай літаратуры не падтрымлівае нават уласная дзяржава.

Так, у Аршанскім каледжы №13 у апошнія дні сакавіка правялі  арт-марафон «Творческая палитра Есенина», арганізаваны ў межах праекта «Вдохновение поэтической души: Есенин для молодёжи». Удзельнікамі сталі падлеткі з розных навучальных установаў горада, ад якіх патрабавалася прадставіць візуальнае прачытанне вершаў рускага паэта -малюнкі, калажы, інсталяцыі. Прызы пераможцам таксама будзе раздаваць фонд «Русский мир».

У Глыбокім пад ідэалагічную «рускамірскую» апрацоўку трапілі выхаванцы дзіцячых садоў і вучні малодшых класаў. Тут ужо не вялося пра добраахвотны ўдзел: мерапрыемства «Многогранная Агния Барто» праводзілі "пагалоўна" ў дзіцячых установах, якія пагадзіліся  падтрымаць праект  «Писатель на все времена. Агния Барто».

На першы погляд, дзяцей і падлеткаў нібыта не вучылі дрэннаму. Вялося пра прыгажосць прыроды ( праўда , рускай) на прыкладах лірыкі Сяргея Ясеніна або пра фармаванне пазітыўных расаў характару ў дзяцей на прыкладах дзіцячых вершаў Агніі Барто. Але вахаванне на ўзорах чужой літаратуры ва ўмовах зневажання ўласнай - відавочны прыклад захопу дзіцячай свядомасці.  

Да слова, фонд «Русский мир» накіроўвае высілкі не толькі на адпаведнае выхаванне  беларускіх дзяцей - ён практыкуе адпаведны ўплыў і на настаўнікаў. Да прыкладу, у той жа Оршы ў сярэдзіне сакавіка стартаваў праект «Горький: вдохновение сквозь века». У мясцовым педагагічным каледжы сабралі настаўнікаў, якія будуць рэалізоўваць на практыцы задачы па папулярызацыі творчасці Максіма Горкага сярод беларускіх школьнікаў. У Брэсцкай вобласці, у райцэнтры Іванава пры падтрымцы фонда  «Русский мир» правялі круглы стол «Достоевский: взгляд из XXI века». У ім узялі ўдзел і настаўнікі, і журналісты мясцовай "раёнкі", і бібліятэкары, і праваслаўныя святары.

Паліна Ракушка