Гісторыя з будаўніцтвам лазні распачалася яшчэ ў 2011 годзе – падчас кіравання на пасадзе старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктара Нікалайкіна. У 2018 годзе незавершаны аб'ект перадалі на баланс Віцебскага прадпрыемства кацельняў і цеплавых сетак. У 2020 годзе гарвыканкам паведамляў, што новая ўстанова ўжо хутка адчыніцца.
Аднак ўсё «пайшло не так», і гарадскому кіраўніцтву давялося ствараць цэлы штаб па аднаўленні работ на закінутым аб'екце. У красавіку 2022 года на будпляцоўцы правялі пасяджэнне штаба, у якім прынялі ўдзел намеснік старшыні гарвыканкама Сяргей Саглаеў, дырэктар арганізацыі заказчыка - Віцебскага прадпрыемства кацельняў і цеплавых сетак Пётр Бараноўскі, генеральны дырэктар генпадраднай арганізацыі - ААТ Будаўнічы трэст № 9, г. Віцебск» Уладзімір Ленчыкаў. Тады вырашылі, што ўвесці ў строй лазню змогуць у 2023 годзе.
Гарвыканкам ужо абвясціў пошук ахвотных набыць памяшканні ў гэтым комплексе для арганізацыі грамадскага харчавання або фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці.На гэтым зноўку ўсё спынілася.
І вось цяпер чарговы кіраўнік горада Аляксей Героеў (ужо пяты старшыня гарсавету, пры якім ідзе будаўніцтва! ) чарговы раз узяў будашніцтва пад асабісты кантроль. Першы абяцаны тэрмін ужо прапушчаны: лазнева -аздараўленчы комплекс абяцалі адчыніць у першым квартале 2025 года. Праз месяц закончыцца ўжо і другі квартал, але дата адкрыцця так і не прызначана, а фінансаў усё бракуе ды бракуе.
“Каждый год собирались открыть, но нас что-то отвлекало”,так нядаўна адкаментаваў затрымку з будаўніцтвам старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Але ні са сродкамі, ні з затрымкамі не было асаблівых праблемаў, калі ў Віцебску будавалі Плошчу сцяга і герба, адчыненую селета 11 траўня.
Віктар Баландзін