Пятніца, 21 Люты 2025

Віцябляне пратэстуюць супраць зносу прыватнага сектара

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Людзі звяртаюць увагу на тое, што ў Генеральным плане будаўніцтва Віцебска зменаў у раёне вуліц Ляонава, 6-й Свярдлова і 2-й Войкава не было зафіксавана. І пра тое, што прыватныя дамы плануецца аддаць пад знос, жыхары даведаліся выпадкова - ад геадэзістаў, які прыйшлі рабіць замеры. Аказалася, тут хочуць пабудаваць пяць шматпавярховак.

Свае аргументы насельнікі гэтых вуліц выклалі ў лісце ў рэдакцыю гарадской газеты “Віцьбічы”. Галоўнае, што падкрэсліваюць аўтары, - гэта наяўнасць у горадзе абсалютна пустых тэрыторый, у тым ліку тэрыторый закінутых прадпрыемстваў. Чаму б не ўзводзіць новыя кварталы там?  Яшчэ адзін аргумент - гэта добраўпарадкаванне. Гаспадароў ніхто не папярэджваў пра магчымы знос, таму ва ўладкаванне свайго жытла людзі ўкладалі вялікія сродкі - праводзілі ваду, газ, належным чынам афармлялі прыбудовы... Згадваецца ў лісце за 41 подпісам і маральны аспект: маўляў, гэтыя дамы пасля вайны ў зруйнаваным дашчэнту горадзе ўзводзілі бацькі і дзяды цяперашніх гаспадароў, таму - гэта памяць пра продкаў, якую не варта пускаць пад бульдозер...

Праз гарадскую газету гарадскія ўлады патлумачылі аўтарам ліста, што, маўляў, зараз у Беларусі дадзены курс на ўшчыльненне ў вялікіх гарадах. Што пашыраць межы горада не плануецца, а на месцы прыватнага сектару можна збудаваць жытло для тысяч наваселаў. І што Генеральны план Віцебска - гэта не канчатковы дакумент, а якраз-такі той, які можна змяняць па меры неабходнасці.

Якраз цяпер праект будучага мікрараена праходзіць грамадскае абмеркаванне - фармальна ен яшчэ не прыняты. Але мясцовыя жыхары апасаюцца, што паўплываць на канчатковае рашэнне яны не змогуць. Паводле заканадаўства, за знесенае жытло налічваецца кампенсацыя, але з досведу вядома, што яна ніколі не пакрывае рэальнага кошту страчанага жытла.

Марыя Юхнавец