Серада, 19 Люты 2025

У Оршы стварылі чарговы вайскова-патрыятычны клуб

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Мяркуючы па фотаздымках з імпрэзы, у клуб запісалі не толькі старшакласнікаў, але і вучняў 5-6 класаў. Канстатуючы рост падлеткавай злачыннасці на працягу мінулага года, Віцебская абласная пракуратура зноў заявіла, што менавіта ў дзейнасці вайскова-патрыятычных клубаў бачыць сродак барацьбы з негатыўнай тэндэнцыяй.

Вайскова-патрыятычны клуб “Фенікс” адкрыўся пры сярэдняй школе №2, якой нададзена імя Барыса Хігрына - камандзіра артылерыйскага палка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Клуб таксама быў створаны пры падтрымцы артылерыстаў - 407-й гвардзейскай групы артылерыі, якая базуецца ў Лепельскім раёне. Вайскоўцы-шэфы падарылі школьнікам адмысловую форму і шэўроны. Мерапрыемства скончылася канцэртам.

Паўстае пытанне: вайскова-патрыятычныя клубы па ўсёй віцебскай вобласці ствараюцца ўжо на працягу 4-х гадоў, але не заўважна, каб гэта істотна ўплывала на свядомасць моладзі. Віцебская абласная пракуратура па выніках мінулага года была вымушана канстатаваць , што за 2024 год колькасць злачынстваў, здзейсненых падлеткамі,у Віцебскай вобласці  вырасла на 22, 2% ( са 144 выпадкаў у 2023 годзе да 176 летась). У прыватнасці, вырасда колькасць выпадкаў хуліганства, махлярстваў, рабаўніцтваў, злачынстваў у сферы абароту наркотыкаў.

У якасці барацьбы з гэтымі з’явамі ведамства прапануе усё тыя ж захады - па-першае, пакараць кіраўнікоў навучальных установаў і іншых арганізацый, якія працуюць з падлеткамі ( 11 пасадовых асобаў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці). Па -другое, актывізаваць прафілактычную і  выхаваўчую працу, у прыватнасці, узмацніць грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне. Але пракуратура не прыводзіць статыстыкі, ці існуе нейкая сузалежнасць паміж колькасцю злачынстваў і гвалтоўным насаджэннем ідэалагічных установак у моладзевым асяродку.

Тую самую ідэю наконт стварэння вайскова-патрыятычных клубаў агучыў і кіраўнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МУС Андрэй Любімаў, згадваючы рост падлеткавай злачыннасці. І запатрабаваў  “применять в работе по профилактике правонарушений среди подростков новаторские идеи”. Пакуль без канкрэтыкі.

Сяргей Катар