Групы «Кобыляки. Расстреляны в Орше» у розных сацсетках былі створаны яшчэ ў 2017-2018 гадах. У ліку ўдзельнікаў і падпісчыкаў – аматары і даследчыкі гісторыі, а таксама нашчадкі рэпрэсаваных з Оршы і іншых гарадоў.
Прычым гэта досыць вялікія групы. Напрыклад, група «Кобыляки. Расстреляны в Орше» у «Фэйсбуку» налічвае каля 1 600 удзельнікаў, у «ВКонтакте» - больш за 250 чалавек.
Рашэнне прызнаць іх змест «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыяй прыняў 23 студзеня суд Оршы і Аршанскага раёна.
Гэтаксама 23 студзеня гэты самы суд абвясціў «экстрэмісцкай» старонку медыяпраекта «Orsha.Eu» у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Іншыя рэсурсы гэтага праекта былі прызнаны «экстрэмісцкімі» раней, прычым некаторыя – неаднаразова.
Гэтым разам аршанскі суд прызнаў «экстрэмісцкімі» матэрыяламі яшчэ і «візуальны матэрыял – выявы, лагатыпы, вадзяныя знакі з тэкстам ORSHA.EU на любых носьбітах, у тым ліку на фота, і ў друкаваных СМІ.
У той жа самы дзень, як медыярэсурсы былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» праз суд, іх унеслі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі.
Летась у жніўні інтэрнэт-рэсурсы Orsha.eu прызналі экстрэмісцкім фармаваннем.
Марына Шкодзіна