Усё пачалося з радаводу
Паводле Ігара Станкевіча, ягоны даследчыцкі інтарэс да перыяду рэпрэсіяў 1920-1950-х гадоў сфармаваўся падчас вывучэння гісторыі ўласнай сям’і.
«Я даведаўся, што рэпрэсаванымі былі мае прабабуля і прадзед, Ганна і Захарый Ходзеўцавы, а таксама сёстры і брат Ганны. Іх абвінавацілі за нібыта шпіянаж на карысць Польшчы і расстралялі ў Воршы, увогуле ж я налічыў 9 чалавек з маёй радні, расстраляных у тых мясцінах. Зараз у маім мартыралогу 12 расстраляных продкаў і каля 30-ці рэпрэсаваных розным чынам – каго выслалі, каго раскулачылі», – распавёў даследчык.
Ігар Станкевіч не толькі шукаў звесткі пра сваіх родных: ён стаў стваральнікам грамадскай ініцыятывы, аб’яднаўшы вакол сябе іншых сваякоў рэпрэсаваных. Аказалася, што шмат хто хацеў бы ведаць праўду пра лёсы пацярпелых падчас камуністычнага тэрору. Для іх даследчык склаў адмысловы шаблон заявы, з якім можна звяртацца ў КДБ з просьбай даць магчымасць пазнаёміцца са справай рэпрэсаванага. Неабходна толькі мець дакументы пра сваяцтва, каб атрымаць станоўчы вынік.
Гісторыі катаў і ахвяраў
Каб сабраць як мага больш поўны гістарычны даведнік пра рэпрэсіі на Аршаншчыне, Ігар Станкевіч шмат працаваў у архівах, вывучаючы дакументы, старыя газеты, аналізаваў даследаванні гісторыкаў. Асобнай крыніцай інфармацыі сталі кнігі «Памяць», якія выдаваліся ў розных раёнах Беларусі ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў. Менавіта яны сталі першай спробай аб’ектыўна паглядзець на гісторыю дзяржавы, і якраз там былі зробленыя першыя спробы сістэматызацыі звестак пра сасланых і расстраляных, кажа Ігар Станкевіч:
«Я працаваў не толькі з кнігай «Памяць» па Аршанскім раёне. Былі яшчэ кнігі Крупскім, Круглянскім, Талачынскім, Горацкім раёнах – гэта тыя раёны, адкуль людзей звозілі ў аршанскую турму, а потым расстрэльвалі. Дзякуючы кнігам «Памяць», мой першапачатковы спіс з 2-х тысяч рэпрэсаваных у рэгіёне павялічыўся да больш як 3-х з паловай тысяч. Але звесткі ў гэтых кнігах пададзеныя своеасабліва: там вельмі мала інфармацыі пра расстраляных, значна болей – пра раскулачаных і сасланых. І калі чалавека, да прыкладу, спачатку асудзілі да высылкі па адной справе, а па другой, пазней, расстралялі, то згадкі можна знайсці толькі пра першую».
Таксама Ігар Станкевіч адзначае, што яму ўдалося сабраць дадзеныя пра 25 чалавек, якія мелі дачыненне да дзейнасці НКУС у Воршы. Ён адшукаў іх у матэрыялах расейскага «Мемарыялу» – нядаўна забароненай грамадскай арганізацыі, якая займалася вывучэннем перыяду рэпрэсій у СССР.
Цэлы том імёнаў і дакументаў
Увесь другі том выдання – гэта імёны і прозвішчы рэпрэсаваных і іх фотаздымкі, якія ўдалося адшукаць. А таксама рэдкія дакументы, якія да цяперашняга часу захоўваюцца ў сем’ях нашчадкаў.
Ігар Станкевіч
«Ёсць у кнізе вельмі каштоўны дакумент, гэта запіска з турмы Анатоля Логінава, ветэрынарнага ўрача, які працаваў на аршанскім мясакамбінаце і быў асуджаны да расстрэлу нібыта за сувязь з польскай выведкай. У пачатку студзеня 1938 году ён пісаў да жонкі, што яму перадаць, яшчэ не ведаючы, што ягонае жыццё абарвецца ўжо праз некалькі дзён. Такія дакументы вельмі каштоўныя. І інфарматыўныя куды больш за, прыкладам, артыкулы ў аршанскай газеце «Ленінскі прызыў» часоў перабудовы. Там час ад часу сустракаліся паведамленні, што гаркам КПБ спяшаецца паведаміць пра рэабілітацыю чарговага «вернага ленінца». І нічога болей, акрамя імя і прозвішча», – адзначае аўтар двухтомніка.
Ёсць сярод сабраных звестак і зусім ужо парадаксальныя, якія не ўкладаюцца ў розуме сучаснага цывілізаванага чалавека. Прыкладам, тагачасны старшыня гаркаму партыі Раман Соскін пісаў даносы на сваіх землякоў, адсылаючы іх кіраўніцтву БССР з парадай арыштаваць у раёне 8 тысяч «ворагаў народу».
Кабыляцкая гара – месца паломніцтва і жалобы
Асобны аповед Ігар Станкевіч прысвяціў таму месцу, дзе пад Воршай расстрэльвалі асуджаных да ВМП. Гэта ўрочышча Кабыляцкая гара, пра якую стала вядома яшчэ раней, чым пра Курапаты пад Менскам. І ў адрозненне ад менскіх Курапат, у 1982-м годзе адмысловая камісія неаспрэчна прызнала, што парэшткі людзей, знойдзеныя падчас будаўніцтва чыгункі, з’яўляюцца парэшткімі ахвяраў сталінскіх расстрэлаў. У 1990-м годзе аршанскія актывісты вырашылі зрабіць на Кабыляцкай гары мемарыял, але ягоная гісторыя аказалася няпростай. Бо гэтая старонка гісторыі дагэтуль замоўчваецца, лічыць даследчык:
«Я апісаў гісторыю стварэння мемарыяла з першых дзён яго існавання, калі на жалобным месцы яшчэ не было вялізнага валуна, а быў толькі драўляны крыж. Цяпер мемарыял выглядае зусім іначай, бо нашчадкі рэпрэсаваных ставяць тут помнікі сваім загінулым сваякам, ускладаюць кветкі, прыбіраюць. Дзякуючы іхным высілкам, мемарыял выглядае прыстойна. Між тым, у першыя гады існавання невядомыя вандалы імкнуліся ўсяляк яго сапсаваць, і некалькі разоў патаемны выкрадалі сілумінавую шыльду са словамі з паэмы Ганны Ахматавай «Хотелось бы всех поименно назвать, да отняли список, и негде узнать».
Сваё даследаванне Ігар Станкевіч назваў сугучна – «Всех по поименно назвать». У друкаваным выглядзе яно выйшла зусім невялікім накладам, але неўзабаве аўтар абяцае змясціць яго на сайце kobylaki.by, прысвечаным гісторыі камуністычных рэпрэсій у Аршанскім раёне.
Юрка Жмых