Між тым, пуцеправодны мост проста неабходны мясцовым жыхарам – насельнікам прыватнай забудовы ( завулкі Лясныя і Шклоўскія): па хадзілі на працу на аршанскі мясакамбінат, у краму, на аўтобусныя прыпынкі. Цяпер яны вымушаны вярнуцца да старой практыкі, якая існавала ў 1990-я гады яшчэ да пабудовы маста: людзі пераходзяць чыгуначныя рэйкі, спускаючыся ўніз з крутога пагорка, і зноў падымаюцца на такі самы пагорак па даўней пратаптанай сцяжынцы.
Да гарадскіх уладаў быў складзены калектыўны зварот. Людзі прасілі абсталяваць «часовую пераправу», бо інакш даводзіцца або рабіць вялікі крук, або рызыкаваць жыццём і здароўем. І ўвогуле: аршанцы хацелі ведаць, як прасоўваюцца справы з рамонтам або пабудовай новай канструкцыі. Бо мост, патрэбны ў гэтым месцы, адразу быў нязручным: занадта высокім і выраблены з няякасных матэрыялаў, таму бетонныя прыступкі пачалі «абсыпацца» практычна пасля першага зімовага сезона.
Адказ мясцовых уладаў прадэманстраваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку гарадскі актывіст Дзмітрый Карняенка. З гэтага адказу вынікае, што праектна-сметная дакументацыя, вырабленая КУП «Оршанская спецавтобаза», не прайшла дзяржаўную экстпертызу. І пра гэта «зыбыліся». Толькі пасля зварота грамадзян прадпрыемства «Оршанская спецавтобаза» накіравала ліст да кіраўніцтва Беларускай чыгункі, каб унесці неабходныя змены ў тэхнічныя патрабаванні. Калі кіраўніцтва БЧ на гэта пагодзіцца, і змен будуць унесены, праектна-сметную дакументацыю накіруюць на паўторную дзяржаўную экспертызу.
І толькі ў выпадку станоўчага рашэння адмыслоўцаў мясцовыя ўлады будуць вырашаць пытанне накінт фінансавання рэканструкцыі аб'екта гарадской інфраструктуры. Такім чынам, гэтая справа зацягнецца яшчэ не на адзін год.
Юрка Жмых