Пра тое, што відэакамеры ўсталявалі каля некалькіх кантэйнерных пляцовак, паведаміла лёзненская раённая газета «Сцяг перамогі» са спасылкай на намесніцу дырэктара УП ЖКГ Вольгу Анціпенка. Яна распавядае, што з дапамогай відэаназірання ўдалося зафіксаваць некалькі выпадкаў парушэння заканадаўства: «Вот женщина волочёт к бакам тачку травы. А это мужчина на автомобиле привёз 12 мешков с мусором и забил сразу все контейнеры. Вот несут строительные отходы. Решили, что на первый раз с каждым составим беседу, вынесем предупреждение, но если поймаем повторно, пойдут штрафы».
Падчас гутарак, кажа прадстаўніца ЖКГ, людзі тлумачаць, што плацяць за паслугі камунальнага прадпрыемства. А таму лічаць, што могуць пакідаць на пляцоўках збору любое смецце. Паводле Вольгі Анціпенкі, складаць у кантэйнеры можна толькі бытавыя адкіды, але не паламаныя канапы, траву, вецце і цэглу.
Гэта насамрэч так, і для «буйнагабарытнага» смецця прадугледжаны прыватныя паслугі ЖКГ – калі чалавек павінны адмыслова замовіць машыну для ўтылізацыі будаўнічых матэрыялаў або старой мэблі. Але ў Лёзне такой паслугі не існуе. Таму намесніца дырэктара УП ЖКГ не тлумачыць адпаведны алгарытм дзеянняў, а толькі пагражае штрафамі. І раіць жыхарам прыватнага сектара набыць за ўласныя сродкі індывідуальныя кантэйнеры, з якіх смецце будзе вывозіцца раз на тыдзень.
Што рабіць жыхарам шматпавярховых дамоў, так і не зразумела. Запалоханне штрафамі без прапанаванай альтэрнатывы можа прывезці да ўтварэння новай праблемы - яшчэ большай колькасці стыхійных звалак у ваколіцах Лёзна.
Ірына Максімава