Серада, 16 Кастрычнік 2024

Ксёндз Павел Лемех з Шуміліна вымушана пакінуў Беларусь

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Айцец Павел Лемех быў затрыманы сёлета 8 траўня разам з айцом Анджэем Юхневічам. Ён выйшаў на волю пасля адміністрацыйнага арышту, прысуджанага яму паводле ч. 2 арт. 24.23 КаАП, але пазней пакінуў Беларусь пад пагрозай палітычнага пераследу. Анджэй Юхневіч застаецца пад вартай у віцебскім СІЗА-2.

У санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне 13 кастрычніка прайшоў фэст. Але на ім не было не было ксяндзоў, які аддалі шмат гадоў служэнню у мясцовай парафіі. Адміністратарам шумілінскай парафіі часова прызначаны ксёндз Яўгеній Шымановіч, паведамляе katolik.life .

Ксёндз Анджэй Юхневіч які знаходзіцца за кратамі ўжо паўгады па невядомым абвінавачанні. «Хрысціянскай візіі» стала вядома, што ксяндзу Анджэю Юхневічу ў Віцебскім СІЗА -2 пагражаюць фэйкавымі абвінавачаннямі, звязанымі са злачынствамі супраць сэксуальнай недатыкальнасці непаўнагадовых. З падобнага кшталту пагрозамі сутыкаліся і іншыя служыцелі каталіцкага касцёлу ў Беларусі, аднак у выніку выпадкі падобных злачынстваў так і не былі даказаныя. Тым не менш, сам факт выстаўлення такіх абвіначванняў можа прывесці да разбурэння рэпутацыі чалавека.

Шумілінскіх ксяндзоў затрымалі 8 траўня ў Шуміліне пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў у шумілінскім санктуарыі Маці Божай Фацімскай. Спярша Анджэю Юхневічу і Паўлу Лемеху прысудзілі адміністрацыйныя арышты за «пікетаванне ў інтэрнэце». У сацыяльных сетках святароў знайшлі фотаздымак на фоне бел-чырвона-белага сцяга. На судзе ксёндз Павел абверг сцверджаную ў пратаколе выснову, што такім чынам ён выказваў свае грамадска-палітычныя інтарэсы і пратэставаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў 2020 годзе. Але суд пад увагу гэта не прыняў.

Святар таксама пацвердзіў наяўнасць у ягоным акаўнце ў Фэйсбуку жоўта-блакітнага сцяга Украіны, і патлумачыў, што такім чынам ён выказаў скруху з прычыны гібелі мірных жыхароў суседней краіны пасля нападу Расіі. Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Алена Жук пакарала Паўла Лемеха арыштам на 10 сутак. За тое самае быў пакараны арыштам і Анджэй Юхневіч - суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Наталля Карабліна абвінаваціла ксяндза ў правядзенні несанкцыянаванага пікетавання. І паводле ч.1 арт. 24.23 прысудзіла Юхневічу арышт на 15 сутак. Адбыўшы арышт, ксёндз Павел выйшаў на волю, а ксёндз Анджэй па-ранейшаму застаецца за картамі. Яму прад'яўлена крымінальнае абвінавачванне, сутнасць якога не вядомая.

Маргарытa Лісунова