Жыхары Тулава не разумеюць, чаму падчас будаўніцтва новых дамоў адразу не плануецца неабходная інфрмаструктура. Так, у 2020 годзе на вуліцы Юбілейнай з вялікай помпай засялялі дом № 6Б, адметны тым, што ў ім запректавана электрычнае ацяпленне. Пра гэта пісалі і ў мясцовай, і ў рэспубліканскай прэсе. Але ніхто з журналістаў тады не звярнуў увагу на тое, насельнікі гэтага дома, як і іхныя суседзі, будуць мець вялікія праблемы з тым, каб без стратаў дабрацца да Віцебска на гарадскім рэйсавым аўтобусе.
«Мы, жыхары вуліц Юбілейная і Цэнтральная, звяртаемся да вас з калектыўнай просьбай абсталяваць павільёны на прыпынках на нашых вуліцах, - пішуць мясцовыя жыхары ў звароце да старшыні Віцебскага райвыканкама. - На дадзены момант на гэтых участках адсутнічае не толькі неабходная для прыпынкаў інфрмаструктура, але і ходнікі, што стварае патэнцыйную небяспеку». Людзі пішуць, што чаканне транспарта ў перыяд дажджоў ператвараецца ў сапраўднае выпрабаванне, бо няма дзе схавацца, стоячы практычна на праезднай частцы. Між тым многія жыхары Тулава ездзяць у Віцебск на працу, а дзеці – на вучобу ў гарадскія школы.
Здавалася б, бяспека і камфорт па месцы жыхарства – гэта прыярытэтныя пытанні для кіраўніцтва рэгіёна. Аднак належнага абсталявання транспартных прыпынкаў жыхары Тулава не могуць дамагчыся ўжо некалькі гадоў.
Марына Тацішчава