Пятніца, 04 Кастрычнік 2024

Велапарковак не будзе. Добраўпарадкаванне дзіцячых пляцовак – за ўласны кошт

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Такія адказы атрымалі жыхары Лёзна, якія хацелі бачыць свой населены пункт больш сучасным і дагледжаным. Але высветлілася, што ад іх чакаюць толькі ўдзелу ў «добраахвотна-прымусовых» суботніках па прыборцы райцэнтра. А сродкі на добраўпарадкаванне могуць атрымаць толькі прадзяржаўныя структуры, каб зладзіць паказальныя мерапрыемствы.

Сёлета ў жніўні ў раённую газету «Сцяг перамогі» звярнулася жыхарка Лёзна, якая прапанавала абсталяваць у дварах велапаркоўкі або гаражы для веласіпедаў. Аргументы жынчына прывяла наступныя: колькасць карыстальнікаў двухкалёскнага транспарту расце, бо гэта танна, экалагічна і нават модна, але захоўваць веласіпеды ў шматпавярховах дамах няма дзе. Таму яна прапанавала, каб кіраўніцтва раёна парупілася пра мясцовае насельніцтва і дапамагло з абсталяваннем месцаў захавання велатранспарту. Спаслалася на тое, што ў многіх беларускіх гарадах, прыкладам, у Наваполацку, такія рэчы ўжо робяцца.

Аднак у адказ атрымала адмову і тлумачэнне, што ўстаноўка велагаражоў не прадугледжана беларускім камунальным заканадаствам ад 2005 года, і зрабіць іх можна толькі за ўласны кошт жыхароў. Гэта значыць, самі людзі павінны аплаціць праект і яго ўзгадненне, за ўласныя сродкі ўзвесці аб'екты і іх даглядаць. Грошай на гэта пойдзе нямала, таму ініцыятыва згасла.

Між тым, жыхарка Лёзна прапаноўвала зрабіць велапаркоўкі або велагаражы замест недагледжаных клумб на прыдымавых тэрыторыях, якімі таксама мясцовыя камунальныя службы даўно не займаюцца. І праблема гэта надзённая, бо «в Лиозненском районе, как и в ещё 16-ти регионах области, выявлены факты непринятия своевременных мер по ремонту и установке малых архитектурных форм, детского игрового оборудования, ремонту покрытия тротуаров и пешеходных дорожек, покосу травы», піша раённая газета.

У артыкуле "Благоустройство Лиозно — дело общее" паведамляецца, што «ведётся постоянная разъяснительная работа по привлечению жителей к работам по благоустройству, озеленению и наведению порядка, в том числе и на придомовых территориях с привлечением депутатов районного и сельских Советов депутатов». Гэта значыць, людзі, якія спраўна плацяць падаткі, вымушаны пералічаныя вышэй працы рабіць за ўласны кошт. Але ёсць выключэнні. Прыкладам, для так званага Моладзевага парламента пры Лёзненскім райвыканкаме знайшлі спонсараў, якія закупілі фарбы, пэндзлі і іншыя неабходныя рэчы. А моладзь паказальна пафарбавала абсталяванне на дзіцячай пляцоўцы ў двары дома №7 па вуліцы Чкалава і агароджу брацкай магілы на Адаменскай горцы.

А вось жыхары дома №13 А па вуліца Гарбоўскай ў Дабрамыслях дзіцячую пляцоўку фарбавалі за свае сродкі і нават за ўласны кошт зрабілі ямачны рамонт. «Родина начинается с твоего двора!» -- цвердзяць улады, і са свайго боку адно што праводзяць праверкі, ці ў належным стане знаходзяцца аб'екты камунальнай маёмасці.

Фёдар Паўлаў