Былога галоўнага інжынера судзілі. Ён прызнаў, што незаконнае ўзнагароджанне атрымаў ад прадстаўніка аднаго з менскіх прадпрыемстваў за лабіраванне інтарэсаў і пратэкцыю ў выбары дадзенага прадпрыемства ў якасці пастаўшчыка дарагога абсталявання.
Падчас следчых дзеянняў былі ўстаноўлены і іншыя выпадкі атрымання хабару па той самай схеме. Сумы былі невялікія: так, у перыяд са жніўня 2020 года па верасень 2022 года ў некалькі этапаў галоўны інжынер узяў за «спрыянне» 2000 рублёў. Падобна, што пра некалькі фактаў хабарніцтва расказаў і сам, бо ў паведамленні прэс-службы абласнога суда згадваецца «яўка з павіннай», якая была расцэнена як змякчальная акалічнасць.
Апрача яе, абставінамі, якія змякчаюць адказнасць абвінавачанага, суд прызнаў «шчырае раскаянне ва ўчыненым злачынстве, добраахвотную выплату даходу, атрыманага злачынным шляхам, іншыя дзеянні, накіраваныя на загладжванне шкоды (дабрачынны ўзнос), наяўнасць на ўтрыманні малалетняга дзіцяці».
23 верасня прагучаў вырак. Судом Чыгуначнага раёна Віцебска мужчына быў прызнаны вінаватым у атрыманні хабару, а таксама ў гэтым жа злачынстве, учыненым паўторна. Па сукупнасці, на падставе частак 1 і 2 артыкула 430 КК карупцыянера асудзілі да 4 гадоў пазбаўлення волі, штрафа памерам 16 000 рублёў і на 4 гады пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з ажыццяўленнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў. Але суд тут жа вырашыў даць хабарніку адтэрміноўку на 3 гады, і ён застаецца на волі.
Цяпер прыгадаем, што яшчэ 30 год таму Аляксандр Лукашэнка абвясціў сябе галоўным змагаром з карупцыяй, і паўтарае пагрозы на адрас хабарнікаў ці не падчас кожнага свайго публічнага выступу. У выніку праблема за 30 год ягонага кіравання ў Беларусі не толькі не знікла, але па-ранейшаму застаецца актуальнай. Але стаўленне да яе лагоднае: хабарнікі і карупцыянеры падаюцца уладам не такімі ўжо і небяспечнымі ў параўнанні з тымі, хто не годны з метадамі кіраўніцтва галоўнага змагара з карупцыйнымі махінацыямі.
Аліна Патрыш