Пятніца, 04 Кастрычнік 2024

У Віцебску збіраюцца пабудаваць чарговы гандлёвы цэнтр. Тыя, што ўжо ёсць, стаяць паўпустыя

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У абласным цэнтры жывуць не надта заможныя людзі, але колькасць гандлёвых цэнтраў расце штогод. Паўпустымі стаяць ужо наяўныя ГЦ – прадпрымальнікі не хочуць арэндаваць гандлёвыя месцы нават у тых, якія знаходзяцца ў самым цэнтры горада. А вось на ўскраінах падобных аб'ектаў якраз бракуе. Але там іх чамусьці не будуць.

Віцебскі гарвыканкам паведаміў пра тое, што завяршылася грамадскае абмеркаванне ўзвядзення новага гандлёвага цэнтра на вуліцы Воінаў-Інтэрнацыяналістаў ( на скрыжванні з праспектам Чарняхоўскага). Паводле інфармацыі ад гарадскіх уладаў, адмысловая камісія ўхваляе праект, тым болей, што ніякіх заўваг ад насельніцтва не паступала.

Віцябляне ўжо мелі досвед пратэстаў супраць некалькіх аб'ектаў у горадзе, але ў пераважнай большасці выпадкаў меркаванні грамадскасці ігнараваліся. Таму пакрытыкаваць ідэю ўзвядзення чарговага ГЦ людзі гатовы хіба хто ў гарадскіх пабліках.

"Воскресите "Эвиком", "Беларусь", "Европа" тоже нормально расположена..."

"А почему нельзя заполнить нормально уже существующие торговые центры ?"

"Зачем строить новые, когда " старые " стоят наполовину пустые ?"

"Это как в анекдоте: чукча не читатель, чукча- писатель. Строят торговые центры, не те кто в них будет торговать, а тот кто ими будет торговать".

Такія водгукі пішуць мясцовыя жыхары, каментуючы перспектывы будаўніцтва. Яны маюць рацыю: ужо наяўныя гандлёвыя цэнтры насамрэч паўпустыя, бо ў мясцовых жыхароў зусім не высокая пакупніцкая здольнасць, і многія прадпрымальнікі-гандляры проста збанкрутавалі. Калі раней, да прыкладу, яны мелі тры "кропкі" у розных ГЦ, то цяпер ледзьве атрымліваецца трамаць адну... Але ёсць і іншыя каментары.

"А как же улица Гагарина? Ни одного ТЦ, ни одного супермаркета! И когда уже в эту сторону очи проектирующих обратятся?"

"Гагарина - страна третьего мира. Кому там будет интересно строить ТЦ?"

"Ни ТЦ, ни супермаркетов, ни скверов, ни современных детских площадок. Хоть бы что-то для смеха построили. Ничего".

Праўда, і будаўніцтва на скрыжаванні вуліцы Ваінаў-Інтэрнацыяналістаў з праспектам Чарняхоўскага таксама пакуль пад пытаннем. У 2021 годзе дзесьці там ужо збіраліся ўзвесці гандлёвы цэнтр «ОМА». Таксама ўжо быў распрацаваны праект, які планавалася рэалізаваць да 2022 года... Але нешта пайшло не так, і гіпермаркета будаўнічых матэрыялаў агульнай плошчай 2, 4 га ў Віцебску так і няма.

Наталля Фралова