Традыцыйна жыхароў Бешанковіч папярэджваюць пра абмежаванне праезду ў цэнтральнай частцы райцэнтру. Бо менавіта там будуць праходзіць імпрэзы з удзелам вялікага прадстаўніцтва раённага і абласнога начальства.
Ці наведваць мерапрыемствы «Дажынак» - асабісты выбар кожнага. На цырымонію ўзнагароджання найлепшых працаўнікоў сяла ўваход будзе толькі па запрашэннях, аднак усіх ахвотных запрашаюць узяць удзел у іншых падзеях. Прыкладам, ва ўрачыстым адкрыцці бюста Героя Савецкага Саюза, першага сакратара падпольнага райкама партыі і камандзіра брыгады «За Советскую Белоруссию» Паўла Раманова каля мясцовага краязаўчага музея. Газета «Віцьбічы» паведамляе і пра такую святочную падзею: «Для первых посетителей раскроет двери расчетно-кассовый центр РУП «Витебскэнерго».
Таксама віцебскае гарадское выданне апісвае, што зроблена ў райцэнтры да свята, бо па даўняй завядзёнцы, у месцах правядзення «Дажынак» робяць капрэмонты. «Новыми красками засияли отремонтированные жилые дома и общественные здания, новым покрытием радуют улицы, а скверы располагают к прогулкам», - у такім бравурным тоне паведамляецца чытачам пра пераўтварэнні ў Бешанковічах.
Паводле газеты, «на подготовку райцентра к «Дажынкам» были направлены солидные финансовые средства: только на апгрейд объектов образования – 8,2 миллиона рублей; на капитальный и текущий ремонт жилья – порядка 6 миллионов рублей; на ремонт улично-дорожной сети – около 5 миллионов рублей». Каб зразумець масштаб выдаткаў на добраўпарадкаванне населенага пункта, дзе жывуць амаль 7 тысяч чалавек, дастаткова аднаго параўнання. Так, на бягучы і капітальны рамонт жытла ва ўсіх Бешанковічах выдаткавана практычна столькі ж, колькі ўлады гатовыя ўкласці ў адзін ідэалагічны аб'ект у Оршы – у новую Плошчу герба і сцяга ( 5,7 мільёнаў рублёў). На рамонт дарог у райцэнтры, прыкладам, выдаткавана на адзін мільён менш.
Віктар Пярцоў