За абразы, размешчаныя ў Інтэрнэце, вінаватыя падлягаюць пакаранню ў выглядзе арышта, грамадскіх прац або штрафа памерам ад 10 да 200 базавых велічынь. Але, на думку стваральнікаў кантэнту для Telegram-канала «Вишнёвая сгущенка», тычыцца шэраговых беларусаў, а не тых, хто набліжаны да мясцовых карных структур. У супрацьлеглым выпадку яны паводзілі б сябе іначай, а не захапляліся ўласнай беспакаранасцю.
Выглядае, што аўтары «Вишнёвой сгущенки» нават свой канал стваралі адрасна. Замацаванае ўверсе паведамленне, якое адразу трапляе пад увагу чытачоў, прысвечана непасрэдна журналісту: «Беглый недокорреспондент экстремистской помойки ЛУПАЧ продолжает подставлять бывших соотечественников». І ўвогуле добрая траціна ўсіх паведамленняў на Telegram-канале «Вишневая сгущенка» — гэта здзеклівыя паведамленні пра журналісцкую працу Змітра Лупача і абразлівыя закіды наконт яго прыватнага жыцця. А таксама згадкі ў негатыўным ключы пра ягоных калег і глыбоцкіх актывістаў, у прыватнасці, тых, хто быў вымушаны з’ехаць з Беларусі пад палітычным ціскам.
Ад пачатку гэтага года «прысвячэнні» Змітру Лупачу з’яўляліся некалькі разоў на тыдзень. Але паступова «Вишневая сгущенка» ператварылася ў тыповы рупар сілавых структур - такія цяпер дзейнічаюць практычна ў кожным рэгіёне. І паведамленні, якія там з’яўляюцца, таксама тыповыя: прагнозы надвор’я і здзекі з замежных палітыкаў, ухваленне працы беларускай міліцыі і крытыка палітычных уцекачоў. Калі ж такіх тэмаў знайсці не ўдаецца, стваральнікі допісаў ідуць старым шляхам: згадваюць Змітра Лупача і пішуць пра яго розную брыдоту.
Яўген Калыханскі