Пятніца, 03 Красавік 2020

Каронавірус у Віцебску: памёр яшчэ адзін пажылы мужчына

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Ноччу 2 красавіка ў Віцебскім абласным клінічным спэцыялізаваным цэнтры памёр 70-гадовы вайсковы пэнсіянэр Уладзімер Сідараў, у якога быў станоўчы тэст на COVID-19, піша Tut.by. На 2 красавіка ў Беларусі афіцыйна паведамлялася пра 4 сьмерці інфікаваных.

Як расказаў сын памерлага, Сідараў 13 сакавіка паступіў у лякарню з трамбозам падкаленнай судзіны, празь пяць дзён быў выпісаны дамоў. Але пры тым у яго захавалася тэмпэратура 38° — мэдыкі сказалі, што гэта грып, які трэба лячыць дома.
 
Але стан мужчыны пагоршыўся. Як расказала жонка памерлага, праз два дні лекарка, якую выклікалі на дом, ня выявіла хрыпаў і сказала, што лёгкія чыстыя. Ды мужчына стаў задыхацца, таму лекара выклікалі яшчэ раз, і хрыпы ўжо выявілі. Толькі тады Сідараву зрабілі рэнтген-здымак і выявілі двухбаковую пнэўманію, паклалі назад у тую ж лякарню.
 
Пяць дзён Сідараў быў у рэанімацыі на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік. У пасьведчаньні аб сьмерці пазначаная вострая рэсьпіраторная недастатковасьць, вірусная пнэўманія (COVID-19), асноўная прычына сьмерці — каранавірус.

«Як мог заразіцца мой муж? У нас вэрсія адна — у лякарні»

 Таксама COVID-19 выявілі ў ягонай жонкі Тацяны, якая цяпер у інфэкцыйнай лякарні з пнэўманіяй. Яна расказвае, што да шпіталізацыі муж амаль два тыдні не выходзіў з дому, бо балела калена.
 
«Тэст на каранавірус у мужа быў станоўчы, — расказвае яна. — Але мы не адразу пра гэта даведаліся. Калі яго забрала хуткая, да мяне дадому прыйшла дачка зь сям'ёй, падтрымаць. Гадзіны паўтары яны прабылі. Потым каранавірус пацьвердзіўся і ў мяне, ляжу ў інфэкцыйнай лякарні з запаленьнем лёгкіх. Дачка, ейны муж і дзеці таксама пад наглядам лекараў. У дачкі і ўнучкі тэст на каранавірус адмоўны, зяць і ўнук чакаюць выніку.
 
Са мной у палаце ляжыць жанчына, муж якой таксама быў спачатку ў лякарні, потым яго выпісалі дадому, а адтуль ужо забралі з каранавірусам — ён у рэанімацыі на ШВЛ. Як мог заразіцца мой муж? У нас вэрсія адна — у лякарні».
 
Сын памерлага таксама мяркуе, што заразіцца бацька мог толькі ў лякарні, і абураецца тым, што бацьку выпісалі з высокай тэмпэратурай. У лякарні яму патлумачылі, што «на 19 сакавіка сытуацыя і ў Віцебску, і агулам у Беларусі была спакойная, ніхто не западозрыў у пацыента, які не выяжджаў за мяжу i не кантактаваў з тымі, хто прыбыў з-за мяжы, каранавірус». Крыніцай заражэньня ў лякарні лічаць самога памерлага.

Памерлых можа быць ужо больш за 4

 Tut.by адзначае, што сьмерць Уладзімера Сідарава мела трапіць у статыстыку датай выдачы пасьведчаньня аб сьмерці — 3 красавіка. Але журналісты дапускаюць, што магла быць залічаная і ў статыстыку ранейшага дня — 2 сакавіка. Тады афіцыйна паведамлялася пра 4 памерлых, але дакладна былі вядомыя імёны дваіх, магчыма, яшчэ аднаго, а чацьвёртае імя не было вядомае.
 
«Па-другое, у рэдакцыю паступіла яшчэ некалькі зваротаў ад сваякоў па фактах сьмерці іхных родзічаў ад каранавірусу — цяпер мы правяраем гэтую інфармацыю», — дадае выданьне, якое адзначае, што Міністэрства аховы здароўя і іншыя дзяржаўныя органы не паведамляюць першымі пра сьмяротныя выпадкі, а толькі пацьвярджаюць інфармацыю, ужо апублікаваную ў СМІ.