Аўторак, 31 Сакавік 2020

Пайшоў з жыцьця актор Віктар Дашкевіч. Дыягназ: COVID-19

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Віктар Дашкевіч Віктар Дашкевіч

Памёр актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа Віктара Дашкевіча. Пра гэта паведамілі сваякі актора. Мужчына цягам шасьці дзён знаходзіўся ў рэанімацыі на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх – у яго выявілі COVID-19, піша Радыё Свабода.

У студзені актору споўнілася 75 гадоў. Віктар Дашкевіч ад 1973-га працаваў у Коласаўскім тэатры, з 1981-га па 1990-ы і з 1991-га па 2007 год выконваў абавязкі загадчыка трупы. На сцэне выканаў дзясяткі роляў. Заслужаны артыст Беларусі (2016), быў узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны (2010), ганаровымі граматамі Кабінэту міністраў (1996) і Нацыянальнага сходу Беларусі (2006) ды іншымі ўзнагародамі.

Да шпіталізацыі ён ужо меў хранічную абструктыўную хваробу лёгкіх.

Днём раней ягоная жонка расказвала Свабодзе, што мужчына 6 дзён знаходзіўся ў рэанімацыі ў Віцебску на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх — у яго выявілі COVID-19.

Актор 10 і 11 сакавіка працаваў у спэктаклі «Кот у ботах», 18 сакавіка таксама кантактаваў з калектывам тэатру. У самім тэатры пацьвердзілі, што адзін з актораў шпіталізаваны з дыягназам COVID-19, але паведамілі, што працягваюць рэпэтыцыі, хоць бліжэйшыя спэктаклі скасавалі з прычыны «практычна пустой залі».

20 сакавіка сужэнцы, якія служаць у Коласаўскім тэатры ў Віцебску, адчулі сябе дрэнна, у іх была тэмпэратура. 21 сакавіка іх паклалі ў чыгуначны шпіталь.

Там узялі тэсты на каронавірус, у абаіх аналізы былі адмоўныя. Лячылі антыбіётыкамі. Жонка 5 дзён праляжала ў шпіталі, стан яе палепшыўся, жанчыну выпісалі.

Папрасілі да 10 красавіка пасядзець дома на карантыне, нікуды не выходзіць з кватэры. Дарослай дачцэ, якая наўпрост кантактавала з бацькамі за дзень да іхнай шпіталізацыі, наагул нічога не сказалі. Нават дазволілі прыносіць маці харчы — пакідаць перад дзьвярыма кватэры.

 Віктар Дашкевіч – тата віцебскай журналісткі Вікторыі Дашкевіч. Смуткуем і выказваем глыбокія спачуваньні...