Разьвітальны мітынг па традыцыі прайшоў на плошчы Перамогі.
На “апошнім парадзе” прысутнічалі камандаваньне вайсковай часткі, прадстаўнікі гарадзкіх уладаў і вэтэранскіх арганізацый, а таксама бацькі і сваякі безь пяці хвілін “дзембелей”.
Па вайсковай завядзёнцы, дэсантнікі пакланіліся баявому сьцягу брыгады – укленчылі перад ім, зьняўшы свае блакітныя барэты.
Дэмабілізаваныя прасьпявалі адзін куплет дзяржаўнага гімну і атрымалі блаславеньне на цывільнае жыцьцё ад праваслаўнага сьвятара. Блаславеньне і сьвятое знаменьне бацюшка падмацоўваў фатаграфаваньнем.
Вайскоўцы прамаршавалі апошнім парадам па пэрымэтры плошчы Перамогі і ўпэўненым крокам рушылі да сваіх зачаканых бацькоў і дзяўчат.
Адзначым, што месца правядзеньня мітынгу было ачэпленае супрацоўнікамі міліцыі. Непадалёку ад дзембельскага параду дзяжурыла карэта хуткай дапамогі.
“Віцебская вясна” далучаецца да віншаваньняў вайскоўцам з нагоды звальненьня ў запас.
Лявон Яфрэменка, фота аўтара