Стварылі фільм журналісты Алена Сьцяпанава, якая ўзяла на сябе ролю рэжысэра ды прадусара, і Вікторыя Дашкевіч, якая выступіла як аўтар ідэі, сцэнарыст ды агучыла стужку. Зьняў фільм апэратар Вячаслаў Лазараў. Ролі галоўных герояў у гульнявых эпізодах выканалі Ігар Мацьвееў (у вобразе Анатоля Гнеўкі) і Алег Квяцінскі (у вобразе Сяргея Іконьнікава).
Як адзначыла Алена Сьцяпанава, якая распачала прэм'ерную імпрэзу, няважна, што героямі фільму сталі толькі два чарнобыльцы, Анатоль Гнеўка ды Сяргей Іконьнікаў. Гэты фільм прысьвечаны ўсім ліквідатарам.
«Усе вы – сапраўдныя героі. Нам вельмі хочацца, каб фільм вас зацікавіў. У кінастужцы ёсьць гульнявыя эпізоды, таму мы загадзя просім прабачэньне за тое, што нешта ў нас ня надта атрымалася ў пляне гістарычнай адпаведнасьці. І паколькі гэты фільм прысьвечаны ўсім вам, я б вельмі хацела, каб нашы шаноўныя госьці выказалі сваё меркаваньне пасьля прагляду кінастужкі», – сказала спадарыня Алена.
Вікторыя Дашкевіч сьцісла распавяла пра тое, як зьявіўся фільм:
«Ідэя нарадзілася пасьля сустрэчы з Анатолем Гнеўкам, калі я зьбірала матэрыял, прысьвечаны 30-годзьдзю Чарнобылю. Пасьля Анатоль Лявонавіч пазнаёміў мяне і зь Сяргеем Іконьнікавым. Запісаўшы доўгі расповед гэтых шаноўных спадароў, я вырашыла, што ён ня мусіць згубіцца, таму і прыйшла да высновы – стварыць фільм. Спадзяюся, што ў нейкай ступені нам удалося наблізіцца да той праўды, якая тады была».
Перад праглядам Алена Сьцяпанава прадставіла прысутным на імпрэзе відэаапэратара Вячаслава Лазарава, праца зь якім сталася шчасьлівай знаходкай для аўтараў ідэі стварэньня фільму.
Фільм быў прыняты гледачамі з прыязнасьцю і адзначаны дружнымі воплескамі.
Першым выказаўся былы супрацоўнік МУС Аляксандар Мікулін, які выконваў у чарнобыльскай зоне спэцыфічную справу: змагаўся з марадзёрамі. Ён станоўча ацаніў кінастужку віцебскіх журналістаў:
«Немагчыма было тады нават падумаць, што ўдзельнікаў ліквідацыі аварыі на ЧАЭС праз трыццаць гадоў забудуць. Цяпер мы не ліквідатары, мы – пацярпелыя. Нам нават пасьведчаньні замянілі, але ж здароўе нам ніхто ня верне. Яно сыходзіць. Трэба памятаць, што ў эпоху тэхнагенных катастрофаў востра стаіць пытаньне ліквідацыі рознага кшталту аварыяў. Таму трэба выхоўваць спэцыялістаў, якія змогуць абараніць людзей ад наступстваў магчымых аварыяў. Гэта вельмі актуальна. Апошнім часам я часта задаюся пытаньнем: «Ці здатныя цяпер людзі ахвяраваць сваім здароўем, як некалі ахвяравалі мы?»
«Добра зьнялі. Адно хацелася б, каб была нейкая радасьць жыцьця пры канцы. Фільм удалы, дзякуй вам!», – падсумаваў Аляксандар Мікулін.
Сяргей Іконьнікаў прыгадаў выпадак з жыцьця свайго былога падначаленага з Воршы Анатоля Бандарэнкі, які, як былы ўдзельнік ліквідацыі аварыі, хацеў дачасна выйсьці на пэнсію.
«Сваё права на льготную пэнсію ён адстойваў у Віцебскім абласным судзе. Я праходзіў як сьведка і прадставіў даведку з чарнобыльскага рэгістру абласнога шпіталя, якая пацьвярджала маё знаходжаньне на той час ў зоне ЧАЭС. Бандарэнка ж быў маім падначаленым, быў у маім узводзе. Акрамя гэтага, я прадставіў фотаздымак, на якім быў сфатаграфаваны разам са сваім узводам на фоне ЧАЭС. На здымку ёсьць і падначалены Бандарэнка. На вялікі жаль, ніводнае з прадстаўленых сьведчаньняў не было улічанае судом. Ужо пасьля суду прадстаўніца ваенкамату расказала пра існаваньне дакумэнту, у якім напісана, што ніводзін салдат Беларускай вайсковай акругі ў 1987 годзе на тэрыторыі Ўкраіны не працаваў. Цяпер усё засакрэчана, і праўды не дамагчыся».
Анатоль Гнеўка прыгадаў эпізод, калі ягоны падначалены ў некалькі разоў перавысіў час свайго знаходжаньня ў зоне дэзактывацыі, імкнучыся падчапіць і скінуць з даху рыдлёўкай радыяцыйнае рэчыва.
«Вось зь якім патрыятызмам працавалі нашы вайскоўцы-беларусы. Ад імя прысутных на праглядзе ліквідатараў хачу падзякаваць усёй здымачнай групе, якая брала ўдзел у падрыхтоўцы фільму. Вялікі вам дзякуй! Так трымаць! І такіх выхаваўчых фільмаў мусіць быць болей, бо яны вучаць патрыятызму!», – зазначыў Анатоль Лявонавіч.
Словы падзякі выказала і аўтарка фільму Алена Сьцяпанава – на адрас загадчыцы музэю зь вёскі Заронава Людмілы Нікіцінай, якая дала з фондаў музэю рэквізыт для здымак гульнявых эпізодаў фільму.
На разьвітаньне кожны ўдзельнік ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай станцыі атрымаў ад арганізатараў невялічкі падарунак, дзе самай дарагой рэччу быў дыск з фільмам «Сам-насам з памяцьцю».
https://viciebskspring.org/news/roznae/item/2756-vitsebskiya-likvidatary-navedali-prem-eru-filmu-pra-ikh-samikh#sigProIdcbfcbaa4c6
С. Горкі