Чацвер, 22 Сакавік 2018

У Расеі ня выявілі складу злачынства ў зьбіцьці старой, якая ехала да сына ў Віцебск

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
У такім стане Нэлу Чаўтаеву знайшлі валянтэры У такім стане Нэлу Чаўтаеву знайшлі валянтэры

Расейскія праваахоўнікі адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы за зьбіваньне і рабаваньне 79-гадовай грамадзянкі Ўзбэкістану Нэлы Чаўтаевай праз «адсутнасьць складу злачынства», расказаў Tut.by ейны сын Андрэй Чаўтаеў.

«Я ня буду больш нічога спрабаваць даказваць, гэта ўсё роўна бессэнсоўна – нікога расейская паліцыя шукаць ня будзе», – сказаў Андрэй Чаўтаеў пра спробы знайсьці нападнікаў на маці.

Нэла Чаўтаева мела прыляцець з Бухары да сына ў Віцебск, дзе родзічы купілі ёй кватэру. У сьнежні 2017 году, празь некалькі дзён пасьля таго, як Чаўтаеў не дачакаўся маці ў Віцебску, валянтэрам з расейскай арганізацыі «Ліза Алерт» пазваніў жыхар Дамадзедава Марат. Ён сказаў, што каля пад’езду свайго дома на вуліцы Набярэжнай знайшоў моцна пабітую старую жанчыну, якая адмаўляецца ад дапамогі і ня хоча ісьці ў паліцыю. А паліцыя, у сваю чаргу, адмаўляецца яе забіраць.

З дапамогай валянтэраў удалося высьветліць, што яна ўжо трапляла ў паліцыю тры дні таму, 16 сьнежня. Тады яе палічылі бадзягай і выпусьцілі ў горад. Сытуацыя ўскладнялася тым, што жанчына не магла патлумачыць, хто яна і адкуль, часткова страціла памяць. Валянтэрка «Ліза Алерт» Тацяна ўсё ж разгаварыла старую і, даведаўшыся, як яе завуць, зьвязалася з сынам.

Цяпер Нэла Чаўтаева атрымала пасьведчаньне на жыхарства ў Віцебску, але мае праблемы з пэнсіяй: пакуль атрымлівае мінімальную ў 60 рублёў, а каб атрымаць поўную, трэба сабраць дакумэнты і адправіць ва Ўзбэкістан, чакаць аднаўленьня працоўнай кніжкі тры месяцы. Жанчына адчувае сябе лепей, але здарэньня ў Дамадзедаве па-ранейшаму ня памятае.

svaboda.org