На пачатку сустрэчы Іван Скурко выбачаўся за сваю нібыта недасканалую беларускую мову.
“Чалавек я непублічны, так прыгожа па-беларуску казаць, як вы, ня ўмею. Каб вы мяне пазвалі гадоў 20 ці 25 таму, калі я толькі што закончыў беларускую школу, тады б можна было і пагаварыць. Але 25 гадоў прайшло ў цалкам рускамоўным асяродзьдзі. Больш блуканьні па сьвеце, па Расеі былі. Не было з кім, на жаль, папрактыкавацца…” – казаў Іван Скурко.
Але калі шчыра, ягонай мове, натуральна сакавітай ды іранічнай, мог бы пазайздросьціць любы журналіст, актор ці выкладчык. Праўда.
Гармонік ад Максіма Танка
Іван Скурко – сын малодшага брата Максіма Танка Хвёдара Скурко. Іван нарадзіўся ў 1973 годзе на тым самым хутары Пількаўшчына, што на Мядзельшчыне, хадзіў у тую ж самую Сваткаўскую сярэднюю школу, дзе ў свой час вучыўся будучы клясык беларускай літаратуры.
Распавядае Іван Скурко - родны пляменьнік Максіма Танка
“А дзядзька часта прыяжджаў туды, у гэтую школу. Памятаю, вучыўся я тады ці ў першай, ці ў другой клясе, і быў нейкі перапынак. Мы там нешта бегалі па вуліцы, насіліся былі, адзін у аднаго галовамі ўразаліся, і хлопцы кажуць: “Глядзі, Герой Сацыялістычнай Працы ідзе!” А ў чалавека зорка вісела была на пінжаку. А я на твар не паглядзеў – толькі на гэтую зорку. Ну і наўцёкі! А ўжо пасьля мне кажуць: дзядзька ж твой прыехаў! І мне так сорамна стала, што я ўцёк і што дзядзьку роднага не пазнаў. Ідзі, кажуць, павітайся…” – расказвае Іван Скурко.
“Такіх выпадкаў многа было, можна бясконца расказваць”, – дадае пляменьнік Танка.
“Ад’яжджаў неяк і пытаецца: “А што табе, Ванечка, прывезьці?” А я вазьмі ды ляпні, што гармонік хачу. Праходзіць пэўны час – дзядзька мне прывозіць гармонік. Канечне, зь мяне ніякага таленту не атрымалася, бо, як кажуць, мядзьведзь на вуха наступіў ды патанцаваў яшчэ на ім, але так – быў у мяне свой гармонік у дзяцінстве. Потым мы яго некаму перадалі. Але вось такую мне цацку дзядзька прывёз”, – успамінае Іван Фёдаравіч.
“Адзін чалавек у сваім родзе…”
Вельмі цікава распавядае пра свой род: “У нас паўвёскі Скуркі. Там ня кажуць “Скурко” – толькі Скурка: Скуркава хата, Скуркава машына...”
Расказвае пра дзеда Фадзея (родны брат бацькі Максіма Танка), які вучыўся ў Чэхіі, працаваў у Нямеччыне і Аргэнтыне, але ў 1939 годзе вярнуўся на радзіму. Праз валоданьне Фадзеем нямецкай мовай Пількаўшчына была выратаваная ад зьнішчэньня немцамі.
Падчас сустрэчы можна было пагартаць рарытэтныя выданьні Танка
Прызнаўся, што вельмі хацеў бы неяк зьвязацца зь земляком (а можа, і сваяком) былым галоўным рэдактарам “Нашай Нівы” Андрэем Скурко, які апублікаваў на 100-годзьдзе Максіма Танка выдатны рэпартаж зь Пількаўшчыны “Дубы Максіма Танка”. Кажа, што трошкі няёмка яму самому ўзяць ды пазваніць, але абавязкова адважыцца.
На пытаньне, ці мае хто яшчэ ў родзе Скуркаў прыхільнасьць да паэзіі, адказвае, што не. “Гэта быў адзін чалавек у сваім родзе. Ды і ў краіне трэба яшчэ пашукаць…” – кажа пра свайго славутага дзядзьку Яўгена Скурко (Максіма Танка).
Лёс і лес Івана Скурко
Сам Іван Фёдаравіч вучыўся спачатку ў радыётэхнічным інстытуце ў Менску. “Але зразумеў, што мазгоў і жаданьня мне там не хапае. І пайшоў туды, куды больш хацелася. Бацька працаваў лесьніком, і я да 18 гадоў пражыў на хутары. Так што вучыўся далей на лесагаспадарчым факультэце тэхналягічнага ўнівэрсытэту ў Менску”, – расказвае.
Што праўда, працаваць на родную Мядзельшчыну, куды так хацелася вярнуцца пасьля вучобы, не накіравалі. Па разьмеркаваньні атрымаў працу ў Віцебску. Дагэтуль працуе ў Віцебскай лесаўпарадкавальнай экспэдыцыі, дзе і спаталяе сваю прагу да вандровак, якую атрымаў, як кажа, у спадчыну ад дзеда Фадзея. Аб’езьдзіў усю Беларусь, уладкоўваў лясы ў Карэліі, пяць гадоў працаваў на Байкале.
Прызнаецца, што “страшна ня любіць гарады”, таму і выбраў для сябе такі лясны ды вандроўны лёс.
Пра хату, дзе нарадзіўся Танк
Пасьля сьмерці бацькі і маці Іван Скурко зрабіўся адзіным нашчадкам дому, у якім нарадзіўся Максім Танк. Тлумачыць, што насамрэч там стаяць дзьве хаты. Адна была пабудаваная пасьля вайны, у ёй жылі бацькі Івана. Другая – мае ўжо больш за 100 гадоў – была перавезеная на хутар зь вёскі Пількаўшчына нашмат раней. У ёй і нарадзіўся Танк.
“Але сказаць, што яна музэй (так сьцьвярджае Вікіпэдыя - ВВ) – гэта вельмі моцна сказаць, – распавядае Іван Скурко. – Пустая хата стаіць”.
Родная хата Максіма Танка ў Пількаўшчыне. Фота зь Вікіпэдыі
Распавядае, што на стогадовы юбілей Танка, падышла да яго супрацоўніца райвыканкаму і прапанавала перавезьці Танкаву хату ў Мядзел. Бо, маўляў, такі выдатны турыстычны аб’ект, а знаходзіцца далёка (ад Пількаўшчыны да Мядзелу 25 км).
“Ня ведаю, ці правільна я паступіў, ці, можа, і няправільна. Адказаў ёй, што радзіма – гэта ж ня толькі тая хата, у якой ён нарадзіўся, а яшчэ і тое навакольле, дзе ён рос, той камень, на якім ляжаў і вершы пісаў, той лес, у які па грыбы хадзіў, тыя яблыні, якія трос, алея, якую сваімі рукамі пасадзіў…"
“Тут палка аб двух канцах, як кажуць. Каб забрала дзяржава, дык даглядала б неяк… А так, вельмі ж нязручна, бо 250 км ад Віцебску. І час не заўсёды знойдзеш. Але неяк буду падтрымліваць. У хаце прыбрана больш-менш”, – гаворыць Іван Скурко.
Гістарычныя крэслы ды бацькава інтэрвію
“А туды ж вельмі шмат хто прыяжджаў. Зараз у Пількаўшчыне ў пустую хату зойдзеш, а там стол стаіць і крэслы зацёртыя. І як падумаеш, хто на тых крэслах сядзеў!.. І Быкаў прыяжджаў, і Бураўкін, і Ніл Гілевіч быў, і Барадулін… Вось мы толькі потым становімся разумнымі. А тады я бегаў пад тым сталом каля іх і пальцам у носе калупаўся… А трэба было сядзець і слухаць, рот разявіўшы. Цяпер бы слухаў…” – дадае пляменьнік паэта.
Іван Скурко ў "Торвальдзе"
Расказваў, якім заўзятым быў “дзядзя Жэня” (Максім Танк) грыбніком і рыбаловам. Як разам зь сябрамі – Лыньковым ды Куляшовым – вудзілі на сваіх лецішчах на Нарачы.
Прыгадаў таксама такі выпадак: “Прыехалі былі нейкія журналісты, павінны былі ў майго бацькі інтэрвію ўзяць. Трэба было расказаць, як было дрэнна жыць пры панскай Польшчы, і пра тое, як у 1939 годзе прыйшлі “асвабадзіцелі”. Бацька ж мой 1925-га году нараджэньня, дык троху помніў. Трэба было пахваліць і ўсё такое.
Мая мама сьмяялася потым, што мой бацька, як той міністар, сеў перад мікрафонам і, калі далі сыгнал, кажа: “Дзякуй Богу, што хоць да 1939 году мы пажылі пры пане Пілсудзскім…” Што думаў, тое і ляпнуў.
Ну тыя журналісты мікрафон выключылі, сабраліся ды зьехалі. А назаўтра дзядзька прыляцеў. Відаць пазванілі яму, што ягоны брат там “дэмагогію разводзіць”. Але ж такі час быў, што кожнае слова трэба было абдумваць, перад тым як казаць...”
Расказаў і жудасную гісторыю забойства партызанамі падчас вайны роднай сястры Максіма Танка Веры. “Дзядзя ж Жэня працяглы час быў амаль што першай асобай у дзяржаве, старшынёй Вярхоўнага Савета. Ну і вядома было, што такія рэчы нельга было выносіць прылюдна. Пісалі, што як бы немцы забілі ці паліцаі. Але то былі звычайныя партызаны, так званыя “партызаны”, лепей сказаць – бандыты…”
Ліст ад Танка і думкі пра мову
Напрыканцы імпрэзы ў “Торвальдзе”, можна было патрымаць у руках арыгінальнае віленскае выданьне першага зборніку вершаў Танка “На этапах” (1936), зборнікі “Пад мачтай” і “Праз вогненны небасхіл”, ліст Максіма Танка да брата (бацькі Івана Скурко), пашпарт і залікоўку дзеда Фадзея ды іншыя рарытэты, якія прынёс на сустрэчу Іван Фёдаравіч.
Ліст ад Танка. 1993 год
Прызнаўся напрыканцы, што асаблівай увагай з боку віцебскіх музэйшчыкаў, пэдагогаў ці літаратараў ягоная асоба не карыстаецца. Што праўда, аднойчы запрашалі на сустрэчу ў гімназію №1, дзе працуе жонка і дзе вучыцца ягоная дачушка – яшчэ адзін віцебскі нашчадак Максіма Танка. Перад удзелам у праекце “Мова нанова” сустрэўся таксама са студэнтамі ў ВДУ імя Машэрава.
Ліст да "брата Федзі"
Вяртаючыся ўспамінамі да сваёй Сваткаўскай школы, кажа: “Дзіўна зараз чуць ад некага, што во няма падручнікаў на роднай мове, і як ты будзеш матэматыку і хімію вучыць па-беларуску. Ды глупства гэта! У нас усё было на беларускай мове. Нават француская. Родная мова ёсьць родная мова. І казаць, што мы ня будзем размаўляць на роднай мове, таму што ў нас вельмі дрэнна атрымліваецца – гэта… Ты хоць як размаўляй! Чалавек, які сеў упершыню ў машыну пакатацца, ён жа не паедзе адразу, а будзеш езьдзіць – навучысься”, – гаворыць родны пляменьнік Максіма Танка Іван Скурко. Беларус. Лесаўладкавальнік. Чалавек-гісторыя. І, як нам падалося, паэт у душы.
Пасьля такіх імпрэзаў шмат хто заводзіць матор свайго аўто (скарыстаемся тут параўнаньнем Івана Скурко) і цісьне на газ – пачынае размаўляць на роднай мове. Дзякуй, спадар Іван! Дзякуй, “Мова нанова”!
Зьміцер Міраш, фота аўтара